У студзені 2018 будаўнікі пачалі вызваляць стары будынак ад смецця. У будучыні на месцы былога дэпо, якое пазней служыла домам для чыгуначнікаў і іншых гараджан, а потым стаялы пустым, можа з’явіцца сучасная гасцініца.

Дом знаходзіцца побач з заапаркам, каля былога чыгуначнага пераезду на Азёрскай шашы. Ён быў пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя як двухпуцявое паравознае дэпо. Тады ў ім не было ні паверхаў, ні перакрыццяў. Гэта было першае дэпо для стаянкі і рамонту паравозаў у Гродне.

У фондзе Гроднааблмаёмасць распавялі Hrodna.life, што будынак прадалі яшчэ ў маі 2017 году за 25 тысяч рублёў. Хто інвестар — не паведамляецца. Будаўнікі, якіх можна ўбачыць побач, кажуць, што будынак могуць перарабіць пад гасцініцу.

Даведка

Будынак пачатку XX стагоддзя пасля Першай сусветнай вайны быў перабудаваны ў трохпавярховы дом з мансардай, які выкарыстоўваўся чыгуначнікамі. Пазней дом адрамантавалі пад жыллё, мансардны паверх ліквідавалі і замест яго зладзілі чатырохсхільны дах. Захаваліся толькі арыгінальныя контрфорсы. У апошнія гады ў доме ніхто не жыў. Ва ўласніка — Гродзенскага чыгуначнага вузла — былі планы ўладкаваць у гэтым будынку музей гродзенскай чыгункі.