Чаму ў Гродне не ўсіх нованароджаных аддаюць мамам?

Ёсць адмысловая катэгорыя парадзіх — з групы высокай сацыяльнай рызыкі. Хто гэтыя жанчыны і чаму іх трэба кантраляваць? Каб знайсці адказы на гэтыя пытанні, карэспандэнт «Народнай газеты» адправілася ў акушэрска-абсервацыйнае аддзяленне Гродзенскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.

Веру, Машу і Таццяну (імёны змененыя) лёс звёў у адной палаце. На іх абменных картах пазнака, якая гаворыць за сябе — ВСР (высокая сацыяльная рызыка). Перш чым пазнаёміць з гэтымі пацыенткамі, загадчыца аддзялення Наталля Сурава папярэджвае: пытанне выпіскі мам з нованароджанымі пакуль адкрытае. Іх лёс вырашае камісія.

Веры сорак, у яе ёсць праблемы з псіхічным здароўем. Ад першага сына яна адмовілася, патлумачыла, што хлопчык быў хворы:

— Мая мама тады сказала, што не зможам з дзіцем управіцца. А гэтага сына хачу забраць, і мама хоча. Мой грамадзянскі муж паабяцаў, што прозвішча сваё яму дасць.

Яе суседка па палаце Маша прыехала нараджаць у Гродна з вёскі Ваўкавыскага раёна. Ёй 26, грамадзянскаму мужу — 58. У дыягназе гэтай маладой жанчыны — разумовая адсталасць. З блытанага аповеду разумею, што з мамай жыве, што камісія дадому прыходзіла, бабулі рэкамендавалі парадак у доме навесці, а бацьку за розум узяцца.

А Таццяна, у якой, мяркуючы па абменнай карце, і з псіхікай, і з мужам усё нармальна, здзіўляецца, чаму трапіла ў групу ВСР:

— Для мяне гэта поўная нечаканасць. Я замужам, у нас свая кватэра, муж працуе. Дзіця жаданае, ні на якім уліку наша сям’я ніколі не была. Падчас цяжарнасці камісія да нас дадому не прыходзіла, усё для малыша мы ўжо падрыхтавалі. Мне патлумачылі, што маглі паставіць ВСР таму, што не наведвала жаночую кансультацыю. Спадзяюся, што разбяруцца …

Два гады таму такіх гісторый было ў два разы менш

Праз акушэрска-абсервацыйнае аддзяленне Гродзенскай клінічнай бальніцы хуткай дапамогі ў мінулым годзе прайшло 56 парадзіх, якія знаходзяцца ў групе высокай сацыяльнай рызыкі. 8 малых з радзільнага аддзялення забралі сацыяльныя службы, адна мама ад нованароджанага адмовілася, астатніх выпісалі з малымі дадому, працягнуўшы кантроль за сітуацыяй у іх сем’ях. Дарэчы, два гады таму такіх гісторый было 33.

Наталля Сурава статыстычны рост тлумачыць узмоцненым кантролем з боку дзяржавы за асаблівай катэгорыяй бацькоў, што абумоўлена Дэкрэтам Прэзідэнта № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няўдалых сем’ях». Лекар распавядае:

- Пра тое, што маюць адбыцца роды ў цяжарных з дадзенай групы рызыкі, жаночая кансультацыя інфармуе стацыянар пісьмова. Мы ў сваю чаргу на працягу сутак пасля родаў перадаем адпаведную інфармацыю ў РАУС, камісію па справах непаўналетніх, аддзел адукацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, паліклінікі. А выпісваем мы маці з дзіцем толькі пасля таго, як аддзел адукацыі на наш запыт высылае адпаведнае заключэнне.

Нядаўняя гісторыя мамы-адзіночкі Святланы выклікала рэзананс у СМІ. Прыгатаваўшы усё неабходнае для маляняці, нараджаць яна адправілася са здымнай кватэры, а дамову арэнды на яе аформіць не паспела. Першай прасігналізавалі аб сітуацыі пацыенткі органам апекі жаночая кансультацыя, куды яна звярнулася, каб стаць на ўлік па цяжарнасці, толькі незадоўга да родаў. Следам спецыяльная камісія прыйшла праверыць жыллё будучай мамы па прапісцы і ўбачыла паўзгарэлыя дом яе маці, якая п’е, пазбаўленай бацькоўскіх правоў.

Да пошукаў цяжарнай жанчыны, якая не з’явілася ў тэрмін на прыём да гінеколага, тады падключылі міліцыю. Так Святлана апынулася ў групе высокай сацыяльнай рызыкі, хоць праблем з законам ніколі не мела. Скончыўшы ВНУ, да цяжарнасці працавала бухгалтарам. Складалася ўражанне, што гэтая мама проста трапіла ў складаную жыццёвую сітуацыю. З двухгадовым малым на руках яна прыехала нараджаць другога ў родны горад з Расіі, дзе застаўся грамадзянскі муж, які не прызнаў бацькоўства.

Здавалася б, на той час гэта гісторыя вырашылася паспяхова: Святлану разам з сынам з радзільні ўзяла да сябе бабуля.

Тэлефаную ў аддзел адукацыі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, каб пераканацца, што ў сям'і, за якую перажывалі многія гродзенцы, усё ў парадку. Аказалася ж, што са становішча высокай сацыяльнай рызыкі Святлана выбрацца так і не змагла. З двума малымі на руках 35-гадовая жанчына з’ехала ў Расію — шукаць падтрымку ў іх бацькі. Ці змагла яна пакінуць «багаж сваіх праблем» у Гродне?

Галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Вольга Ненартовіч перакананая, што на сітуацыю падвышанай сацыяльнай рызыкі трэба рэагаваць неадкладна, пакуль бяда не здарылася:

— Як толькі нам паступае такі сігнал з медустановы, збіраецца міжведамасная камісія. Сітуацыі, вядома, бываюць розныя. Шмат каму дастаткова пачуць рэкамендацыі спецыялістаў і тут жа іх ліквідаваць. У многіх сітуацыях праблема вырашаецца. Менавіта на такое аператыўнае рэагаванне мы нацэльваем сваіх спецыялістаў. Але калі ёсць пагроза для жыцця нованароджанага дзіцяці, яго забіраюць з сям'і яшчэ ў радзільні. Тут ужо дзяржава бярэ пад патранаж малога, і гэта вымушаная мера.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Будзе капаць на галовы» — што гродзенцы думаюць пра новыя кветкавыя аркі на Савецкай

Гродзенцы не ацанілі новыя канструкцыі для кветак на Савецкай. У красавіку на пешаходнай вуліцы ўсталявалі…

24 красавіка 2025

Студэнта з Гродна будуць судзіць за паведамленні ў «Беларускі Гаюн»

Тры злачынствы за "экстрэмізм" распачалі супраць падлеткаў у Гродзенскай вобласці ў 2024 годзе. У тым…

24 красавіка 2025

Цэгла са слядамі пальцаў, найстарэйшая свідравіна Гродна і двор для мерапрыемстваў. Якім стане комплекс былога піўзавода Brovar Hrodna

«Такіх месцаў і ў свеце не так многа, а ў Беларусі нічога падобнага проста няма», —…

24 красавіка 2025

На могілках у Гродне з’явілася пліта расійскага салдата, які ваяваў супраць Украіны

Пліта Ведніка Леаніда Анатольевіча, які, верагодна, загінуў на вайне супраць Украіны, з'явілася ў калумбарыі на…

23 красавіка 2025

Як будзе выглядаць стогадовы дом у стылі канструктывізму на Міцкевіча пасля перабудовы: праект

Драўляны будынак у стылі канструктывізму 1930-х на Міцкевіча, 1 у Гродне перабудуюць у трохпавярховы гатэль…

23 красавіка 2025

У Гродне можна зрабіць здымак райка вока — паслуга падабаецца парам

Макраздымак райка (рус. - радужки) вока можна зрабіць у Гродне на вул. Будзённага. Закаханым прапануюць…

23 красавіка 2025