У Англіі прадставілі праект па выратаванні сінагог Еўропы. Ён створаны па ініцыятыве Фонду габрэйскага спадчыны. Навукоўцы вывучылі храмы, пабудаваныя да Другой Сусветнай вайны. Геаграфія шырокая: ад Корка ў Ірландыі да Уладзівастока ў Расіі. Сярод значных аб’ектаў, якім патрэбна дапамога — сінагога ў Слоніме, распавядае «The Guardian».

Складзены каталог з падрабязнай інфармацыяй аб сінагогах. Туды ўнеслі даты будаўніцтва, колькасць вернікаў, цяперашні стан храмаў, а таксама звесткі, ці выкарыстоўваецца сінагога як рэлігійны аб’ект ці там размешчана нешта іншае. На падставе фактаў склалі так званы «рэйтынг значнасці».

Ініцыятарам праекта з’яўляецца брытанскі гісторык Сайман Шама. Усяго ў каталог уключана больш за тры тысячы сінагог. Праект падтрымалі вядомыя людзі Англіі, напрыклад, тэлерэжысёр і вядучая Наташа Каплінскі, дзядуля якой нарадзіўся ў Слоніме.

У сераду, 7 лютага, праект быў прадстаўлены ў парламенце.

У Англіі распрацавалі план па выратаванні сінагог Еўропы. Сярод першачарговых - храм у Слоніме

Да 1939 года ў Еўропе налічвалася каля 17 тысяч сінагог, але большасць з іх былі разбураныя. З трохі больш за трох тысяч захаваных будынкаў толькі 718 функцыянуюць як храмы. Астатнія выкарыстоўваюцца не па сваім прызначэнні. Адны закінутыя, у іншых размешчаныя склады, фабрыкі, рэстараны, басейны, пажарныя станцыі.

Ініцыятары праекту кажуць, што выратаваць ўсе сінагогі яны не змогуць. З агульнай колькасці храмаў было адабрана 160. Потым засталося 19, якія ўсё яшчэ можна адрэстаўраваць. Адной з першых сінагог, якую плануюць аднавіць — сінагога ў Слоніме.

У Англіі распрацавалі план па выратаванні сінагог Еўропы. Сярод першачарговых - храм у Слоніме

Яна была пабудавана ў 1640-х гадах. Да Другой сусветнай вайны ў горадзе пражывала каля 17 тысяч габрэяў, але толькі 200 чалавек ацалелі. Пасля вайны сінагогу выкарыстоўвалі як склад. Апошнія два дзясяткі гадоў яна пустуе. За гэты час будынак стаў развальвацца і часта падвяргаўся вандалізму, аднак частка ўнутранага аздаблення ўсё яшчэ захавалася. Магчыма, пасля рэстаўрацыі ў сінагозе адкрыюць музей або адукацыйна-культурны цэнтр.

Зараз англійскі фонд шукае фінансаванне. Яго стваральнікі таксама разлічваюць на ахвяраванні людзей, чые лёсы звязаны з месцамі, дзе знаходзяцца сінагогі.