У гродзенскіх кінатэатрах не пакажуць фільм “Смерць Сталіна”. Пра гэта карэспандэнту Hrodna.life паведамілі ў “Гроднааблкінавідэапракаце”.
– Дазвол на пракат гэтага фільма не дало Міністэрства культуры. Наколькі нам вядома, у Расіі такая ж сітуацыя, – сказаў па тэлефоне прадстаўнік “Гроднааблкінавідэапраката”.
– Але ж была навіна, што дазвол ёсць і ў Мінску фільм пакажуць.
– Нам пра гэта невядома. У Гродне дакладна не будуць працаваць з гэтым фільмам.
Па інфармацыі Hrodna.life, дзяржаўныя пракатчыкі ў Беларусі наогул не будуць набываць правы на паказ фільму. Дакладна вядома, што з 8 лютага стужку будуць паказваць у Мінску прыватныя кінатэатры “Silver Screen” і “Falcon Club Бутик Кино”.
Праз нейкі час у рэдакцыю перазванілі з “Гроднааблкінавідэапраката” і растлумачылі, што “не дамовіліся аб умовах з праваўладальнікам”.
Фільм “Смерць Сталіна” зняў брытанскі рэжысёр Арманда Іанучы. Гэта палітычна-сатырычная камедыя. Фільм расказвае пра апошнія гадзіны жыцця генсека і палітычную барацьбу пасля яго смерці. Камедыя заснавана на коміксе французскіх аўтараў Фаб’ена Нуры і Цьеры Робена “Смерць Сталіна. Гісторыя, праўдзіва … савецкая”.
У Расіі фільм забаранілі для пракату. У Мінкульце РФ палічылі, што “Смерць Сталіна” – гэта здзек з савецкага мінулага. У Беларусі продаж квіткоў перад прэмъерай прыпынілі, але 5 лютага фільм дазволілі.
https://www.youtube.com/watch?v=vf6cyUmjTmQ?ecver=1



