56-гадовы атлет з Ліды з вынікам 602 км заняў другое месца ў 6-сутачным забегу ў Афінах, піша «Лідская газета».

25 студзеня ў сталіцы Грэцыі стартаваў 13-ты Міжнародны фестываль ультрамарафона, які працягнецца да 10 лютага. Некаторыя забегі ў межах мерапрыемства ўжо скончаны. У ліку прызёраў гэтых незвычайных спаборніцтваў ёсць і прадстаўнік Ліды.

56-гадовы Леанід Анацка выступаў у 6-сутачным забегу і за гэты адрэзак часу пераадолеў 602 кіламетры. Гэты вынік дазволіў яму заняць другое месца ў абсалютным заліку. Лідчаніна апярэдзіў толькі фін Петры Перціла (53 гады), яго вынік 700 кіламетраў. Трэцяе месца заняў француз Мірэла Карміер (415 км).