Сёлета тэлерадыёкампанія «Гродна» адзначае 50-гадовы юбілей. З гэтай нагоды вырашылі аднавіць некалі папулярную праграму, так узнік праект «Зноў «Толькі па пятніцах», піша газета «Звязда».
Зараз ідзе актыўная работа над новай праграмай, праглядаюцца сотні метраў кіна- і відэаплёнкі. Вядучыя Надзея Сакалова і Кацярына Шрубейка хвалююцца: прайшло амаль дваццаць гадоў, як выйшаў апошні выпуск папулярнай перадачы.
Надзея Сакалова прызнаецца, што не адразу прыняла прапанову кіраўніцтва тэлерадыёкампаніі, але потым згадзілася. За больш чым 10 гадоў існавання праграмы назапашаны багаты архіўны матэрыял. Фрагменты могуць арганічна ўпісацца ў новы фармат. Значную ролю таксама адыграў і той факт, што многія гродзенцы і жыхары рэгіёна памятаюць праграму да гэтага часу.
— Мы выходзілі толькі ў прамым эфіры. У студыю запрашалі абавязкова чыноўніка ці іншых адказных асоб. Нагодай для гэтага служылі крытычныя сюжэты. На кожнай праграме дзяжурылі рэдактары, якія прымалі тэлефонныя званкі. І трэба сказаць, пытанні задаваліся даволі вострыя, яны агучваліся, — адзначае Надзея Сакалова.
Як успамінаюць вядучыя, новую канцэпцыю падтрымаў былы старшыня абласнога Камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні Іван Граблеўскі. Падабралася чацвёрка вядучых у складзе Кацярыны Шрубейкі, Надзеі Сакаловай, Ігара Лякіна і Віктара Блізняца. Тэм хапала: ад вырашэння бытавых, камунальных праблем да палітычных. Былы Савецкі Саюз уступіў у перыяд перабудовы, пачаліся прыгранічныя канфлікты. Мяжа раздзяляла суседзяў адной вёскі. Жыхары беларуска-літоўскага памежжа не ўяўлялі, што яны павінны ехаць на нейкі пагранічны пункт пропуску, калі іх родныя жывуць літаральна за сотню метраў.
— Мяжа прайшла праз лёсы, — кажа Кацярына Шрубейка, — людзі не маглі схадзіць у царкву ці на могілкі, бо іх аддзяліла мяжа. Была сітуацыя, калі вясковец не мог набраць вады з калодзежа, бо той знаходзіўся за мяжой. Мы часта бывалі ў такіх вёсках, прысутнічалі на сходах, дзе жыхарам тлумачылі правілы пры перасячэнні мяжы. Зараз нагадаем гэтыя факты ў новым фармаце праграмы і раскажам, як цяпер жывуць героі былых сюжэтаў з прыгранічча.
Людзі цягнуліся да адкрытага дыялогу: на цэнтральных каналах пачалі выходзіць папулярныя праграмы «Погляд», «600 секунд» і іншыя. Для гродзенцаў такім аналагам стала перадача «Толькі па пятніцах». Яе рэйтынг быў неверагодны, адзначае дырэктар тэлерадыёкампаніі «Гродна» Мікалай Мельячэнка.
Падчас вячэрняга эфіру вуліцы пусцелі, усе спяшаліся дамоў, каб не прапусціць чарговы востры дыялог на актуальныя тэмы. Упершыню кожны чалавек мог напрамую атрымаць адказ на пытанне ад любога чыноўніка. Гэта зараз у практыку ўвайшлі прамыя лініі з адказнымі асобамі, а тады сувязь была толькі праз тэлевізійны эфір. А калі хто не прыходзіў на праграму, яго месца пуставала, а вядучыя агучвалі, хто і чаму не прыйшоў. Праграма праіснавала да 1999 года.
— Перад тэлебачаннем пачалі ставіцца іншыя задачы, трэба было ўзнаўляць краіну, і ўсе сілы былі накіраваны на гэта. Але праграма адыграла сваю ролю. Людзі, як кажуць, выпусцілі пару, многія дабіліся справядлівасці. А многія яшчэ доўгі час тэлефанавалі, каб журналісты праграмы «Толькі па пятніцах» прыехалі, навялі парадак.
Новы фармат абавязкова знойдзе свайго гледача, упэўнены на тэлестудыі. Гэта будзе не толькі рэтра ці нешта настальгічнае. А погляд з мінулага ў сёння.
Завадчане працягваюць прыцягвацца па артыкуле 19.11 КаАП. Гэта нягледзячы на неаднаразовыя заклікі перагледзець свае сацыяльныя…
23 снежня ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унеслі акаўнты ў Facebook і візуальны матэрыял гродзенцаў…
Сайт і сацсеткі сайта Grodno.in прызналі экстрэмісцкімі. Так вырашыў суд Ленінскага раёна Гродна 20 снежня.…
Новыя суддзі з'явіліся ў Гродне і вобласці па ўказе Лукашэнкі. Жыхара Навагрудка судзяць за атрыманне…
На пляцоўцы «Куфар» з'явілася аб'ява аб продажы гродзенскай кавярні «Чашки&ложки». Установа ўжо чатыры гады працуе…
Аб'явы аб здачы памяшканняў у арэнду з'явіліся ў Instagram-акаўнце royal.grodno і на “Куфары”. У аб'явах…