Гродзенскі «DanceWeekend» завяршыўся 28 студзеня выставай фотапраекта «Працэс» танцоркі і фатографкі Волі Рабецкай з Мінска. Аматары танцаў і фота маглі знайсці абодва віды мастацтва адначасова ў чорнай зале «Дома 46». Асалоды імпрэзе дадалі дэгустацыя мёду і дыджэйская музыка.
«Гэта тонкая і невідавочная праца. Якраз тое, што стварае працэс. А для мяне ў фатаграфіі працэс важнейшы за ўсё — гэта чыстая радасць. Я рэдка думаю пра вынік. Знойдзе ён прымяненне, то добра. А калі не, то дастаткова задавальнення ад працэсу».
Канчаткова вызначацца з выбарам паміж танцам і фота Вольга не плануе. Зразумела, што адначасова адно з другім не бывае. Але знайсць баланс усё ж магчыма.
«Ёсць перыяды, калі ў жыцці больш танцавальнай работы. Тады адчуваю, што нічога не маю дадаць праз фота. Проста супакойваюся і танцую. Потым ізноў адчуваю хвалю, пад’ём — ізноў хочацца здымаць. Тут няма планаў і абавязкаў. Гэта ідзе ад сэрца».
Падарункам ад гаспадароў «Дома 46» стаў танцавальны нумар у стылі «старога добрага джазу» ў выкананні гродзенскіх танцорак.
Салодкія ўспаміны пакінула дэгустацыя новых смакаў мёду ад кампаніі «Мядовы шлях». У якасці дадаткаў да мёду выкарыстоўваліся як мясцовыя маліна і чарніцы, так і экзатычныя куркума і зялёны чай.