Паводле інфармацыі “Прессбола”, члены назіральнага савета “Нёмана” прынялі рашэнне знізіць патрабаванні да брэсцкага “Дынама” адносна кампенсацыі за нападніка Паўла Савіцкага, які падпісаў кантракт з “бела-сінімі”. Калі раней гродзенскі клуб запытваў 600 тысяч даляраў, цяпер гаворка ідзе пра суму, якая трохі перавышае 200 тысяч.

Трансферная эпапея імя Паўла Савіцкага, які са скандалам  пераехаў у Брэст з Гродна, працягваецца. Нагадаем, першапачаткова на патрабаванне “Нёманам” кампенсацыі ў 600 тысяч долараў “Дынама” адказала лістом: маўляў, плаціць за гульца мы не павінны і не маем намеру. Пры гэтым абодва бакі спасылаліся на адпаведныя пункты і артыкулы рэгламенту БФФ па статусе і пераходах футбалістаў – кожная на свае.

Аднак пасля кан’юнктура змянілася.

Мы ўжо паведамлялі, што кіраўніцтва клубаў знаходзіцца ў добрым кантакце і працягвае весці перамовы – са словаў прэс-сакратара “Дынама” Вольгі Хіжынковай і старшыні “Нёмана” Івана Варсовіча. Падобна на тое, усё так і ёсць: сітуацыя цалкам можа вырашыцца палюбоўна, без зваротаў гродзенцаў у федэрацыю. Па звестках “ПБ”, на нядаўнім пасяджэнні назіральнага савета ФК «Нёман» прынята рашэнне знізіць фінансавыя патрабаванні ў частцы кампенсацыі за 23-гадовага паўабаронцы – з гэтага часу гаворка ідзе пра суму крыху больш за дзвесце тысяч даляраў. Цяпер слова за брэстаўчанамі. А якім яно будзе, напэўна, стане вядома ў бліжэйшы час.