Гродзенскі шклозавод адзінае ў горадзе прадпрыемства, якое перарабляе адкіды шкла. У намінацыі сацыяльна адказны брэнд («абарона навакольнага асяроддзя») прадпрыемства назвалі «Брэндам года-2017». Анастасія Антановіч, мэнэджарка па камунікацыям завода, патлумачыла, за што атрымалі ўзнагароду.
Завод вырабляе экалагічна чыстую і бяспечную тару — шкляную. Каб зменшыць выдаткі вытворчасці, на прадпрыемстве павялічваюць выкарыстанне адкідаў шкла. Гэтак, у мінулым годзе гродзенскі шклозавод павялічыў долю шклабою ў сыравіне на 64% у параўнанні з мінулым годам. У выніку агульная колькасць адкідаў шкла ў сыравіне складае 12 тысяч тон.
Чытайце таксама: 10 фактаў пра Гродзенскі шклозавод, якіх вы не ведалі
Анастасія прыводзіць наступную статыстыку: на кожныя 10% выкарыстанага шклабою эканоміцца 3% прыроднага газу і на 7% змяншаюцца выкіды СО2.
Павялічыўшы долю адкідаў шкла, завод змог сэканоміць прыродныя рэсурсы: 1137 тон пяску, 299 тон соды, 246 тон вапняку, 811 палявога шпату і 757 тон друзу. А шкло можна паўторна выкарыстоўваць бясконца без страты якасці.
Гэтаксама ў выніку ўтылізацыі цяпла выходзячых газаў шкловарных печаў завод змог перайсці на самазабеспячэнне цеплавой энергіяй.
Глядзіце таксама: Эксклюзіўныя шкляныя сабачкі розных парод: як выдуваюць падарункі на шклозаводзе