Мінскага дызайнера Аляксандра Чабатарова памятаюць па праекце «#ЯиМинск». Другую частку свайго сэкстэта мастак прысвяціў Гродна.
Як напісаў у фэйсбуку Аляксандр, «Нягледзячы на ўсе складанасці і перашкоды, пры дапамозе Nikita Kostikov і інфармацыйнай падтрымцы Гродно24 былі адабраныя самыя цікавыя і знакавыя будынкі горада, размешчанага на берагах Нёмана, уважліва адмаляваныя трынаццаць аб’ектаў і дададзена назва».
Для праекта «#ЯиГродно» былі зробленыя сцікеры для тэлеграма, «каб можна было дамаўляцца пра сустрэчы каля знакавых месцаў».
Дызайнер запрашае да прапановаў па супрацоўніцтве і вытворчасці прадукцыі з гэтым дызайнам.
На пытанне, чаму менавіта Гродна стаў другім горадам пасля Мінска, для якога дызайнер намаляваў мерч, у інтэрв'ю Гродно24 Аляксандр патлумачыў:
«Як толькі ў свет выйшаў „ЯіМінск“, мне пачалі пісаць людзі з іншых гарадоў з жаданнем набыць такую ж прадукцыю з тым горадам, у якім жывуць яны. Так як гарадоў у нас шмат і ўсе не намалюеш, то прыйшла ідэя зрабіць для абласных, якія будуць бліжэй».


