Супрацоўнікі Лідскага аддзела БЭП выкрылі ў крадзяжы работніка дарожна-будаўнічай арганізацыі, які дастаўляў матэрыялы для рэканструкцыі трасы Мінск-Гродна, піша «СБ».

Па версіі аператыўнікаў, за два апошнія месяцы 2017 года той вывез і прадаў мясцовым жыхарам больш за 52 тоны гранітнага друзу.

Афіцыйны прадстаўнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Максім Базыленка паведаміў падрабязнасці:

— Былі ўсталяваныя неаднаразовыя факты крадзяжу. Ведаем, што працаўнік дарожна-будаўнічай арганізацыі вывозіў выкрадзенае самазваламі - усяго ўстаноўлена 4 такія факты.

Вядзецца следства. Крымінальная справа ўзбуджаная па артыкуле «Прысваенне альбо растрата». Калі віна вадзіцеля будзе даказаная, яму можа пагражаць да 4 гадоў пазбаўлення волі.