У Гродне ўстаць на лыжы сёння прапануюць у лесапарку Румлёва (2 км), каля выратавальнай станцыі ва ўрочышчы Ласосна (1,3 км) і ва ўрочышчы Пышкі - у раёне крытай лядовай пляцоўкі і непадалёк ад гасцініцы «Кронан» (працягласць трас каля 2 і 3 км), піша «Гродзенская праўда».

Узяць лыжы напракат у Пышкі можна на месцы — у цэнтры алімпійскага рэзерву па хакеі з шайбай іх нарыхтавана 170 пар. У Ласосна паслугі пракату прадастаўляюць на вяслярнай базе.

— У цэлым па вобласці падрыхтавана таксама больш за 20 агульнагарадскіх лыжных трас, — распавяла начальнік аддзела фізічнай культуры і турызму ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама Ірына Падручная. — У 46 пунктах пракату спартыўнага інвентара па ўсёй вобласці да зімовага сезону падрыхтаваны да выдачы больш за 1,6 тысяч пар лыж. Адрасы і тэлефоны пунктаў пракату можна знайсці на сайце ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама ў раздзеле «Зімовы сезон 2017−2018».

Узяць спартыўны інвентар напракат у Гродне можна ў пунктах пракату «Гродна Рамбыттэхніка» — па вуліцах Урублеўскага, Пестрака і Дзяржынскага, у Цэнтры алімпійскага рэзерву па хакеі з шайбай па вул. Камунальнай і ў Пышках, БФСА «Дынама» па БЛК.

Акрамя таго, у вобласці сёлета заліты 329 каткоў і хакейных каробак.

[irp posts="47 380″ name="Дзе ў Гродне можна будзе пакатацца на каньках?"]