У панядзелак 22 студзеня галоўны трэнер гродзенскай каманды Ігар Кавалевіч правёў першую трэніроўку сваёй каманды ў гэтым годзе. Да падрыхтоўкі да новага сезона прыступіла каля 15 чалавек, сярод якіх былі не толькі футбалісты леташняга складу, але і тыя, хто вярнуўся з арэнды.

Першая трэніроўка «Нёмана» прайшла ў Каложскім парку на новым полі са штучным пакрыццём. Як паведамляе twitter гродзенцаў, на гэтай трэніроўцы адсутнічалі Вячаслаў Глеб i афрыканскiя гульцы Абуна i Бебе, якія яшчэ не прыехалі з адпачынку. Не былi i Дзмітрый Верхаўцоў, Максім Мякіш і Дзмітрый Хлебасолаў, якія працягнуць кар’еры ў іншых клубах. Таксама не было Уладзіслава Клімовіча, які вярнуўся ў БАТЭ пасля заканчэння тэрміну арэнды і Паўла Савіцкага, які перайшоў у брэсцкае «Дынама». Але ў цэлым варта адзначыць, што сваю каманду Кавалевічу ўдалося захаваць.

На першай трэніроўцы каманды былі прыкметныя і гульцы, якія прыехалі на прагляд. Гэта ураджэнец Смаргоні дасведчаны нападаючы 32-гадовы Леанід Ковель, які да нядаўняга часу выступаў у Латвіі, а таксама 24-гадовы ўкраінскі атакуючы паўабаронца Віталь Квашук, які ў мінулым сезоне абараняў колеры «Віцебска». Не выключана, што ў бліжэйшы час прыедуць у Гродна чарговыя гульцы на прагляд.

Падрыхтоўка «Нёмана» у Гродне працягнецца да 30 студзеня, а пасля каманда адправіцца ў Жодзіна, дзе прыме ўдзел у традыцыйным зiмовым турніры «Белазовец». Турнір у Жодзіна працягнецца да 3 лютага. Пасля гэтага каманда Ігара Кавалевіча зноў вернецца ў Гродна, дзе будзе рыхтавацца да новага сезону.