У Гродне для замежных турыстаў усталююць інфармацыйна-навігацыйныя стэнды, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Яўген Ародзь.
Стэнды з’явяцца каля аўта-і чыгуначнага вакзалаў, а таксама ў гістарычным цэнтры Гродна, першыя ўсталююць ўжо ў сакавіку.
«Усяго ў горадзе іх будзе 12. Стэнды будуць адрознівацца эксклюзіўным дызайнам, размешчаная інфармацыя дазволіць замежнікам зарыентавацца, знайсці неабходныя аб’екты», — адзначыў Яўген Ародзь.
Паводле яго слоў, працягнуцца працы па развіцці сферы паслуг і турыстычнай інфраструктуры, у цэнтры ўвагі звыш за дзесяць кірункаў, у тым ліку грамадскае харчаванне, гасцінічны бізнес, музеі, грамадскі транспарт і рух. У прыватнасці, ужо пачаліся работы па будаўніцтве агляднай пляцоўкі на высокім беразе Нёмана па вуліцы Дарвіна — адсюль адкрываецца цудоўны від на стары Гродна. Тут з’явяцца лавачкі, альтанкі, ратонда, зялёныя зоны, будуць устаноўлены аглядныя біноклі.
Прапрацоўваецца пытанне стварэння на Нёмане прычалаў для маламерных судоў.
Папулярнасць Гародні як турыстычнага месцы расце. Як паведамілі ва ўпраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама, з пачатку года абласны цэнтр і наваколлі наведалі звыш за 1,2 тыс. бязвізавых турыстаў. Гэта госці з 22 краін, большасць з іх грамадзяне Польшчы і Літвы.
[irp posts="9902″ name="У гістарычным цэнтры Гродна з’явяцца інфармацыйна-турыстычныя стэнды"]