Упраўленнем Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці, на падставе матэрыялаў праверкі, праведзенай упраўленнем Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці, распачата крымінальная справа ў дачыненні да жыхара Гродна Віктара Глінды, 1965 году нараджэння, які абвінавачваецца ў здзяйсненні махлярства, у тым ліку здзейсненага ў буйным і асабліва буйным памерах, піша сайт Следчага камітэта.
Мужчына набываў кватэры, дамы і зямельныя ўчасткі ў грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, пераафармляў іх на падстаўных асоб, а затым прадаваў па завышаным кошце. З прадаўцамі нерухомасці не разлічваўся ці ажыццяўляў аплату часткова, перасяляючы былых уладальнікаў у аддаленыя вёскі Гродзенскага раёна, альбо пакідаў іх зусім без жылля. Следства мае дадзеныя пра некалькі такіх фактаў.
Раней падазраваны быў асуджаны за махлярства і незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, звязаныя з аналагічнымі дзеяннямі па завалоданні чужой нерухомасцю. Мужчыну затрымалі і заключылі пад варту. Праводзіцца комплекс неабходных следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў па праверцы маёмаснага становішча абвінавачанага ў мэтах забеспячэння маёмасных спагнанняў і магчымай канфіскацыі маёмасці.
Для ўстанаўлення ўсіх абставінаў, а таксама выяўлення іншых магчымых асоб, якія сталі ахвярамі ашуканскіх дзеянняў, праводзіцца далейшыя расследаванне. Грамадзяне, якія пацярпелі ад дзеянняў гэтага чалавека, могуць звяртацца па тэлефонах, пададзеных на сайце Следчага камітэта.