На Альшанцы пасяліліся незвычанйыя жыхары. Тры шэрыя дзікія гусі шпацыравалі каля дамоў на вуліцы Напалеона Орды ў пятніцу 19 студзеня.

Вялікіх птушак убачылі жыхары мікрараёна і звярнуліся ў МНС. Людзі перажывалі, што з крылатымі можа нешта здарыцца: напрыклад, схопяць бадзялыя сабакі. Птушкі выглядалі здаровымі, непараненымі, расказаў намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Зміцер Вінчэўскі.

— Вы іх забярыце, а то ў нас тут шмат шматдзетных сем’яў, — пажартавала адна жанчына, што назірала за птушкамі.

На паратунак прыехалі арнітолагі Зміцер Вінчэўскі, Сяргей Саковіч і Яўген Сліж, якія дапамагаюць МНС з птушкамі.

Птушак атрымалася загнаць у «клетку» са сметніцамі. Праўда, па дарозе адна з іх адляцела.

Рэшту апранулі ў кашулькі, каб яны не ўцяклі, пасадзілі ў машыну і завезлі ў заапарк.

Там птушкі застануцца прынамсі на выходныя ў каранціне.

Як патлумачыў Зміцер Вінчэўскі, некаторыя шэрыя гусі застаюцца ў Гродне на зіму. Часцей гняздуюць у балоцістых мясцінах. Калі выпаў снег, ім стала цяжэй шукаць харчаванне. Бо нават у маразы перад снегападам яны харчаваліся азімымі, травой на палях.


