Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч прыняў удзел у пасяджэнні калегіі УУС Гродзенскага аблвыканкама, на якой падведзены вынікі працы службы за мінулы год, піша «Гродзенская праўда».

— На працягу апошніх чатырох гадоў колькасць зарэгістраваных злачынстваў няўхільна зніжаецца. Галоўнае — гэта памяншэнне ліку іх небяспечных відаў, у прыватнасці, забойстваў, наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў, разбойных нападаў. У мінулым годзе міліцыя Гродзенскай вобласці спрацавала ўпэўнена. Але ёсць рэзервы. Прычым патрэбныя не дадатковыя матэрыяльныя сродкі, а больш уважлівае стаўленне супрацоўнікаў органаў правапарадку да справы, а таксама да праблем і спадзяванняў людзей, — падкрэсліў Ігар Шуневіч.

Старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў адзначыў выніковасць сумеснай работы органаў улады, міліцыі і грамадскіх фарміраванняў па забеспячэнні бяспекі ў рэгіёне.

— Па выніках мінулага года колькасць зарэгістраваных на Гарадзеншчыне злачынстваў зменшылася амаль на дзевяць працэнтаў. Пры ацэнцы працы міліцыі мы ўлічваем не толькі лічбы, але і меркаванне насельніцтва.

Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што з кожным годам усё больш людзей давяраюць праваахоўнікам і гатовыя звярнуцца да іх па дапамогу.

Штогод праводзім сустрэчы з участковымі інспектарамі, якія працуюць непасрэдна з насельніцтвам. Наша задача — умацоўваць і ўсяляк дапамагаць гэтай службе. Таксама акцэнт будзе зроблены на сумеснай прафілактычнай дзейнасці ў сферы падлеткавай злачыннасці, — адзначыў Уладзімір Краўцоў.

На фоне агульнага змяншэння колькасці злачынстваў у вобласці адзначаецца зніжэнне эканамічных. Прадухілены ўрон прадпрыемствам з дзяржаўнай доляй уласнасці на суму 1347 тысяч рублёў. Знізілася колькасць зарэгістраваных злачынстваў у сельскай мясцовасці. У параўнанні з 2016 годам скарацілася колькасць ДТЗ, а таксама загінулых і пацярпелых у іх людзей.