Анлайн-праслухоўванне магчымых удзельнікаў Нацыянальнага адбору Беларусі на конкурс «Еўрабачанне 2018» адбылося ў студыі Белтэлерадыёкампаніі 11 студзеня. Сярод удзельнікаў праслухоўвання была гродзенская група “Brooklyn”, якая не прайшла ў фінал, але атрымала нядрэнны вопыт.
У Мінску перад членамі журы выступілі 93 удзельнікі, якія на працягу пяці гадзін дэманстравалі свае вакальныя здольнасці. У фінал прайшло толькі 11 канкурсантаў.
“Мы не шкадуем, што паехалі. Паглядзелі, паспрабавалі, атрымалі нядрэнны вопыт. Зразумелі, што і як рабіць у будучыні, калі ехаць на адбор, – распавядае прадстаўнік гурта “Brooklyn” Юрый Сяўко. – Вырашылі адправіць заяўку на праслухоўванне спантанна. За 10 дзён да канца падачы зрабілі дэмаверсію новай песні, якая была ў чарнавіках, і паслалі яе арганізатарам”.
Са слоў Юрыя, канкурэнцыя на адборы была вельмі моцная, было шмат вядомых артыстаў. Адзін з іх – украінскі спявак Alekseev, які ўласна і прайшоў у фінал.
Гродзенцы выступілі на адборы з песняй “Что-то новое”. Магчыма, гэтую песню яны неўзабаве прадставяць на мясцовым тэлебачанні. А пакуль можна паглядзець, як група выконвала яе ў Мінску.


