З пачатку студзеня на вуліцы Ажэшкі пачаўся маштабны рамонт самага вялікага дарэвалюцыйнага жылога дома. Яго пабудавалі ў канцы 19 стагоддзя, а ў савецкі час дадалі яшчэ адзін паверх. Капітальны рамонт 2018 года прадугледжвае цалкам схаваць ад гараджан даўніну дома — будуць атынкаваныя сцены.

Дом даўно мае патрэбу ў рамонце. Жыхары не раз пісалі ў розныя інстанцыі, каб будынак адрамантавалі, бо яна ўся ў расколінах. Дарэчы, некалі на доме вісела ахоўная шыльда «гісторыка-культурная каштоўнасць», але ў апошнія гады бясследна знікла.

Суд выйгралі і дом вярнулі

Дом № 29 быў пабудаваны ў 1898 годзе адной яўрэйскай сям’ёй як танная гасцініца. На першым паверсе была пякарня і крамы.

Сёння ў доме жыве жанчына, якая адна з нямногіх ведае невялікую гісторыю будыніны. Пелагеі Аляшкевіч 86 гадоў і ў доме на Ажэшкі яна пасялілася ў 1950-я гады, пасля таго як выйшла замуж.

«Невялікую гісторыю дома мне распавяла хросная мужа, — кажа Пелагея. — Домам валодалі два мясцовыя яўрэі-браты. Адзін працаваў у ЗША, а другі вёў бізнес у Гродне. Той, які застаўся ў горадзе, быў вінен уладам вялікую суму грошай і ў выніку дом у яго забралі. Даведаўшыся пра страту, ягоны брат вярнуўся з ЗША і пачаў судзіцца з мясцовымі ўладамі. Суд ён выйграў, улады вярнулі дом і нават дазволілі прыбудову зрабіць».

У 1939 годзе савецкая ўлада забрала ва ўладальнікаў вялікі дом і рассяліла там людзей. А тыя яўрэі, якiя яго будавалi, хутчэй за ўсё з’ехалі за мяжу, бо іх больш у Гродне ніхто не бачыў.

Прыязджалі нашчадкі

У пачатку 2000-х група турыстаў з Ізраіля прыехала мэтанакіравана на вуліцу Ажэшкі да дома № 29. У іх была вялікая карта, на якой было распісана, дзе і што знаходзілася ў двары дома ў даваенныя гады. Гэта былі нашчадкі тых самых яўрэяў, якія і пабудавалі гэты дом. Здзівіла гасцей з Ізраіля і тое, што замест трох паверхаў у доме стала чатыры, і тое, што ён меў надта недагледжаны выгляд.

Рэканструкцыя сапсавала пабудову

Мясцовыя жыхары адзначаюць, што дом да 1970-х гадоў быў вельмі прыгожым — меў вялікія балконы і прыбудовы. Але савецкая ўлада вырашыла зрабіць у ім больш кватэр і дабудаваць цэлы паверх. Пасля рэканструкцыi дом моцна змяніўся, сёння пра даўніну нагадвае толькі старая цэгла, з якой выкладзены сцены. Але пасля чарговага рамонту нават іх бачна не будзе, бо дом атынкуюць.