Дадаць навіну
Панядзелак, 16 ліпеня 2018, 14:37

У Ашмянскі раён завезлі благародных аленяў: прыгожыя фота

У студзені ў Ашмянскі раён прывезлі дваццаць восем высакародных аленяў. Карэспандэнты «Ашмянскага весніка» заснялі, як недалёку ад аграгарадка Баруны ўладкаваная іх тэрыторыя.

Грацыёзныя лясныя прыгажуны ад паездкі атрымалі невялікі стрэс, таму, калі іх выпусцілі на волю, яны адразу ўцякалі, збіваліся ў групкі і сыходзілі ўглыб тэрыторыі, каб схавацца ад людскіх вачэй. Невыпадкова і тое, што жыць алені будуць у ціхім месцы, паблізу паляўнічай хаткі. Дарэчы, умовы, у якіх яны гадаваліся ў Іўеўскай лясной гаспадарцы, падобныя, вось толькі зменшылася колькасць асобін.

Новае месца жыхарства — вальер, які раскінуўся на сем гектараў. На агароджанай высокім плотам тэрыторыі створаны ўсе ўмовы, каб лясныя жыхары адчувалі сябе бяспечна і камфортна. Сярод іх пятнаццаць самак, адзін дарослы самец і дванаццаць сегалеткаў — так называюць жывёл, якім яшчэ не споўніўся год.

Старшыня раённай арганізацыйнай структуры рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» Іван Шэпет расказаў, што ў раёне алені з’явіліся дзякуючы дзяржаўнай праграме па абароне леса «Беларускі лес» з 2016−2020 гады, згодна з якой прадугледжана развядзенне і гадоўля дзікіх жывёл у рэспубліцы і ў Ашмянскім раёне, у прыватнасці.

Хутка вялікія кармушкі напоўняцца сенам, ячменнай саломай, зернем, карыснымі карняплодамі морквы і соллю — крыніцай мінералаў і вітамінаў. Егер Іван Іванавіч Кунюта расказаў, што без ежы алені дакладна не застануцца, нягледзячы на студзеньскія маразы, кармоў хапае — гэта і трава, і плады з сада, які прыйшоў у занядбанне.

Лясныя прыгажуны пад пільным кантролем егера і паляўнічых будуць знаходзіцца тут да восені. Калі з’явяцца на свет аляняты і змогуць упэўнена трымацца на нагах, увесь статак выпусцяць на волю. У лесе ім давядзецца самастойна здабываць корм, павялічваць папуляцыю, ратавацца ад небяспекі, у тым ліку з боку драпежнікаў і людзей.

На жаль, цяпер жыццю аленяў пагражаюць ваўкі, іх зграя палюе ў суседніх лясах, таму егер і паляўнічыя пільна сочаць за парадкам і бяспекай не толькі каля вальераў, але і на прылеглай тэрыторыі. Вось толькі ў наш час галоўны вораг аленяў не ваўкі, а людзі, інтарэс якіх да дзікіх жывёл можа быць шкодным і небяспечным.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: