У Гродзенскім раёне зарэгістраваны выпадак шаленства. З-за гэтага ў Путрышках аб’явілі двухмесячны карантын, піша «Перспектыва».

«Гаспадыня аднаго з падворкаў заўважыла за хлявамі на сваім участку труп лісы і неадкладна паведаміла ветэрынарам. Лабараторныя даследаванні паказалі: жывёла хварэла на шаленства,» — распавяла ветурач-эпізаатолаг Гродзенскай райветстанцыі Вольга Трафімава.

Невядома, з кім магла кантактаваць драпежніца, якая прыйшла з лесу, таму на працягу двух месяцаў у ачагу будуць праводзіць супрацьэпізаатычныя і супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, у тым ліку пазапланавы адлоў бадзяжных жывёл і вакцынацыя хатніх гадаванцаў.

Дарэчы, у апошнія гады ў раёне спакойная сітуацыя з шаленствам. У мінулым годзе зарэгістравалі два выпадкі - у Скідзелі і Глінянах. Хутчэй за ўсё, свае вынікі дае прафілактычная работа, якая праводзіцца. Калісьці, успамінае суразмоўніца, у год рэгістравалі да 7−8 выпадкаў.