У суботу 6 студзеня гродзенскі «Нёман» традыцыйна правёў дабрачынны матч, які стаў падарункам як для аматараў хакея ў Гродне, так і для дзяцей з Панямуньскага дзіцячага дома.

Перад матчам у фае Лядовага палаца для гасцей мерапрыемства быў арганізаваны канцэрт, дзе выступаў кавер-бэнд «Radianсe», быў арганізаваны прадстаўнікамі цэнтра ПОРА аквагрым для ўсіх жадаючых, а таксама прайшла аўтограф-сесія з хакеістамі «Нёмана».

Традыцыйна ў дабрачынным матчы на лёд разам з «Нёманам» выйшаў і гродзенскі аматарскі клуб «Авангард». Хакеісты абедзвюх дружын аб’ядналіся ў дзве каманды: «Чырвоныя» і «Белыя» і згулялі два перыяда па 15 хвілін. Гульня скончылася з лікам 7:7. А выніковы лiк пасля булiтаў стаў 9:9.

У двух камандах акрамя ўзроставых гульцоў былі і зусім юныя хакеісты. Гэта дзеці гульцоў «Нёмана» — Багданоўскага і Мятлюка, якія ў выніку і сталі лепшымі ў матчы.

Пасля гульні на лёдзе гродзенскай арэны прайшлі конкурсы ў якіх прынялі ўдзел хакеісты каманд. Гульцам трэба было прадэманстраваць, як сваю дакладнасць і сілу, так і хуткасць. Для гледачоў конкурсы праходзілі ў перапынку паміж перыядамі.

Прыняў удзел у дабрачынным матчы і галоўны трэнер «Нёмана» Сяргей Пушкоў:

«Я думаю, напярэдадні Раства ў нас сёння атрымалася невялікае свята. Я лічу, што гэта добрая акцыя, якую правёў наш клуб. Прыемна было, што на свята прыйшло шмат людзей. Раней, калі я гуляў, то такіх дабрачынных матчаў не было, на жаль. Калі ўжо стаў трэніраваць, то даводзілася ўдзельнічаць, і за мяжой у тым ліку».

Таксама Сяргей Пушкоў адзначыў, што «Нёман» ужо прыступіў рыхтавацца да маючых адбыцца матчаў і пасля перапынку правёў трохдзённы цыкл.

Адновіцца чэмпіянат Беларусі ў чацвер 11 студзеня. Свой першы матч у 2018 годзе «Нёман» правядзе ў Маладзечне, дзе будзе сустракацца з мясцовым «Дынама».