Незанятым беларусам працаздольнага ўзросту прыйдзецца аплачваць паслугі, якія субсідуюцца з бюджэту, у стоадсоткавым памеры, паведаміла выданню «Звязда» старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацпытаннях Палаты прадстаўнікоў Тамара Красоўская, распавядаючы аб прапановах, якія ўвойдуць у новую рэдакцыю дэкрэта № 3. Дакладны пералік такіх паслуг будзе распрацаваны ўрадам у першым квартале 2018 года, піша «Тут.бай».

Па словах Тамары Красоўскай, у гэтым спісе, магчыма, апынуцца паслугі па газа- і электразабеспячэнні. Пры гэтым беларусы, якія не маюць працы, але знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, будуць вызваленыя ад такой платы.

— Мы заўважылі, што наймальнікі не вельмі ахвотна хочуць браць выпускнікоў ВНУ і каледжаў без вопыту, а таксама жанчын, якія толькі выйшлі з адпачынку па догляду за дзіцём. Для таго ж, каб знайсці працоўнае месца для кожнага, у раёнах павінны быць створаны спецыяльныя камісіі. У іх увойдуць дэпутаты ўсіх узроўняў, прадстаўнікі ЖКГ, упраўленняў унутраных спраў, аддзелаў адукацыі і занятасці.

[irp posts="44 744″ name="Калі і з якімі зменамі запрацуе абноўлены дэкрэт аб дармаедах"?"]

Тамара Красоўская дадала, што нельга ўсе рэгіёны параўноўваць з Мінскам, дзе база вакансій налічвае тысячы прапаноў. Павінны быць вызначаны тэрыторыі з напружанай сітуацыяй на рынку. Іх пералік неабходна зацвярджаць штогод. Выхад для такіх рэгіёнаў - адкрыццё новых працоўных месцаў, перападрыхтоўка спецыялістаў і стымуляванне самазанятасці. Ствараць таксама адзіную інфармацыйную базу грамадзян, не занятых у эканоміцы.

— Важна, каб дзяржаўныя органы ўзаемадзейнічалі пры яе вядзенні, — лічыць старшыня камісіі. — Інфармацыя ў базе павінна абнаўляцца штомесяц — хтосьці пераехаў у іншы рэгіён, хтосьці праходзіць курсы. Вылічыць, ці ёсць праца ў чалавека, можна будзе таксама з дапамогай ID-карты, якую ў наступным годзе плануюць завесці на кожнага грамадзяніна.

Уздзейнічаць на тых, хто працаваць не хоча, складана, прызнаецца дэпутат. «Многія, хто быў уладкаваны камісіяй вясной, ужо звольніліся. Хоць ім і месца на добрых прадпрыемствах знайшлі, і зарплату далі».

Дэпутат парламента адзначыла, што пры ўладкаванні на працу грамадзян, якія не могуць на роўных канкураваць на рынку, будзе выкарыстоўвацца індывідуальны падыход.