У першыя дні студзеня гродзенец Яўген выклаў у сацыяльнай сетцы Вконтакте фатаграфіі грыбоў, якія яму ўдалося сабраць у вёсцы. З-за бясснежнай зімы ён можа збіраць грыбы хоць кожныя выхадныя.
Яўген адзначае, што сёння зіма толькі ў календары, а па факце — позняя восень. Таму ён і знаходзіць дагэтуль грыбы. Летась у пачатку студзеня яму гэта зрабіць не ўдалося, бо ўжо ляжаў снег.
«Пасля сустрэчы Новага года я ездзіў у вёску па справах і заадно пайшоў прагуляцца па лесе, — распавядае Яўген. — Шчыра кажучы, я кожныя выхадныя езджу туды і кожныя выхадныя на суп грыбоў сабраць можна. Яны відавочна ўжо не растуць, гэта ўсё старыя грыбы, якія проста не знайшлі ў свой час грыбнікі. Грыбы не гніюць бо халодно, а адсутнасць снегу дазваляе мне шпацыраваць па лесе і нешта знайсці. Нават адну лісічку прыемна знайсці зімой у новым годзе».
Дарэчы, ёсць у прыродзе і такія грыбы, якія растуць зімой. Існуе некалькі відаў такіх грыбоў: апенька зімовая, ілжываапенька шэрапласціністая і вешанка.