Пераход дасведчанага гродзенскага футбаліста Паўла Савіцкага ў брэсцкае «Дынама» выклікаў масавую незадаволенасць у заўзятараў «Нёмана». Гродзенцы засмучаныя тым, што капітан перайшоў у стан прынцыповага суперніка дзеля грошай. А ці мог «Нёман» пакінуць у сябе Савіцкага і прапанаваць годныя ўмовы? Hrodna.life звярнуўся да старшыні гродзенскага клуба Івана Варсовіча.
У Брэсце прапаноўвалі вельмі добрыя ўмовы
«Нёман» спрабаваў прапанаваць Савіцкаму ўсе магчымыя ўмовы і не адпускаць у іншую каманду ў чэмпіянаце Беларусі. Але наконт сваёй будучыні футбаліст вырашаў сам.
[irp posts="45 419″ name="Капітан Нёмана" Павел Савіцкі перайшоў у брэсцкае «Дынама""]
«Новы кантракт Паўлу мы прапанавалі яшчэ ў верасні, ён прадугледжваў нядрэнныя ўмовы нават па мерках беларускага футболу, — распавядае Іван Варсовіч. — Савіцкі ў выніку ўзяў час на роздум і пасля афіцыйна адмовіў. Вядома, мы хацелі пакінуць такога важнага для нас футбаліста, спрабавалі і рабілі ўсё магчымае, але такія ўмовы, якія прапанавалі ў Брэсце, гульцу не прапаноўваў ніхто».
БАТЭ адмовіў, а ў «Дынама-Брэст» перайшоў
Афіцыйна наконт Савіцкага «Нёман» яшчэ падчас чэмпіянату атрымаў толькі адзін запыт, ад барысаўскага БАТЭ. Нягледзячы на розныя чуткі, больш ніякіх запытаў у гродзенскі клуб наконт футбаліста не паступала.
«Паша сам не захацеў у БАТЭ і таму мы яго туды не прадавалі. А ўжо на правах вольнага агента ён сам вырашаў куды перайсці і ў выніку выбраў брэсцкае „Дынама“».
Якую зарплату прапанавалі Савіцкаму ў Брэсце, нідзе не выдаецца. Па чутках яна вельмі высокая. Сам Савіцкі ў пачатку снежня распавядаў, што плануе зарабіць грошай.
Удалося захаваць каманду
Нягледзячы на важную страту, у «Нёмане» ў будучыню глядзяць з аптымізмам. Ужо цяпер каманда пачынае будаваць новыя планы на 2018 год.
«Амаль увесь калектыў нам удалося захаваць і гэта галоўнае. Зараз у футбалістаў адпачынак, а ў студзені Ігар Кавалевіч збярэ іх на першы збор. Там ужо галоўны трэнер будзе разбірацца са складам, а таксама праглядаць новых гульцоў, якіх у нас яшчэ няма. Пакуль жа ў клуб вярнуліся толькі футбалісты з арэнды. Па новых гульцах магу сказаць, што вядуцца перамовы з двума добрымі легіянерамі, якія пры патрэбе могуць папоўніць наш клуб», — дадаў Варсовіч.