Пры Гродзенскім гарвыканкаме 14 снежня стварылі Савет па забеспячэнні сістэмы веласіпеднага руху і зацвердзілі План па яго развіцці да канца 2020 года, піша velogrodno.by.
Праблемы і задачы па развіцці веласіпеднага транспарту ў Гродне на нарадзе абмяркоўвалі прадстаўнікі ДАІ, ЖКГ, Рэмбудаўтодора, упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва, аддзела адукацыі, спорту і турызму, грамадскія роварныя арганізацыі ВелаГродна і Мінскае роварнае таварыства.
«Стараюся не забягаць эмацыйна наперад, — кажа Юлія Каляда, старшыня „ВелаГродно“, — але стварэнне Савета і зацвярджэнне плану работы — гэта прарыў у развіцці веларуху ў Гродне. Дзякуючы рабоце Савета мы зможам пераадолець некаторыя непаразуменні, якія ўзнікалі раней у ацэнцы ровара як транспарту і неабходнасці развіцця інфраструктуры. У нашых марах веладарожкі цягнуцца па ўсім горадзе. Але будзем рэалістамі - максімум, што цяпер у нашы сілах — з’яўленне веладарожак у новых мікрараёнах і ўздоўж дарог пасля іх рамонту, добраўпарадкаванне велапераездаў».
У найбліжэйшыя гады плануюць пашыраць сетку велапарковак, забяспечваць безбар’ернае асяроддзе праз паніжэнне бардзюрнага камня і ўлічваць роварны складнік у гарадскіх праектах.