Шэсць месяцаў спатрэбілася для таго, каб падоўжыць на 550 метраў праз пустку і чыгуначны тунэль вуліцу Гаспадарчую з рухам транспарту па чатырох палосах. Яна злучыла паміж сабой вуліцы Мясніцкую і Курчатава, піша «Гродзенская праўда».

«У гэтай зоне знаходзіцца нямала аб’ектаў паўночнага прамысловага вузла „Грандзічы“ і такая дарога была патрэбна ім як паветра,» — сказаў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой.

Ён падзякаваў адміністрацыі СЭЗ «Гроднаінвест» за тое, што ўклалі немалыя сродкі ў праектаванне і будаўніцтва вуліцы, чыгуначнага тунэля. На падоўжаным участку вуліцы Гаспадарчай ёсць вольныя пляцоўкі для новых вытворчасцяў, якія гарадскія ўлады прапануюць інвестарам ужо ў наступным годзе.

Таксама Мечыслаў Гой расказаў, што вырашаецца пытанне аб працягу Гаспадарчай да вуліцы Дубко.

Кіраўнік адміністрацыі СЭЗ «Гроднаінвест» Сяргей Ткачэнка сказаў, што, акрамя гэтай вуліцы, яны ўвялі ў эксплуатацыю каля двух кіламетраў дарог у Аульскім прамысловым вузле. На іх ўстаноўлена вонкавае асвятленне, шэсць прыпыначных павільёнаў, абсталявана сістэма ліўневай каналізацыі з ачышчальнымі збудаваннямі.

Рэзідэнтамі свабоднай эканамічнай зоны ў гэтым годзе інвеставана ў Гродна больш за 8 мільёнаў беларускіх рублёў.