Каля 10 гадоў жыхары мікрараёна Вішнявец чакалі паліклініку, якую гарадскія ўлады абяцалі, але ўсё ніяк не маглі пабудаваць. Аб’ект здалі ў канцы 2017 года. Афіцыйнае адкрыццё паліклінікі № 7 прайшло ў чацвер, 28 снежня.
Адкрываць паліклініку, акрамя гарадскіх і абласных уладаў, прыехаў намеснік міністра аховы здароўя Вячаслаў Шыла. Ён адзначыў, што новая медыцынская ўстанова абсталявана ўсімі сучаснымі тэхналогіямі.
Апараты, трэнажоры і нават аперацыйныя залы
Новая паліклініка разлічана на 650 наведванняў у змену. Яна шматпрофільная, з моцнай дыягнастычнай базай. Устаноўлены два рэнтген-апараты, чатыры УГД-апарата і іншае неабходнае абсталяванне. Сучаснае абсталяванне атрымала рэабілітацыйная база паліклінікі. У прыватнасці, у кабінеце рэабілітацыі траўматалагічных пацыентаў прадстаўлены ўсе неабходныя трэнажоры для распрацоўкі суставаў. Абсталяваныя дзве аперацыйныя для малых амбулаторных хірургічных умяшанняў - у жаночай кансультацыі і аддзяленні агульнай хірургіі.
50 000 пацыентаў
«Паліклініка з 27 снежня пачала прымаць першых пацыентаў. Жыхары Вiшняўца і Паўднёвага вельмі чакалі адкрыцця і цяпер, спадзяюся, усе задаволеныя, — распавядае галоўны лекар паліклінікі № 7 Аляксандр Кашуй. — У нас усё сумешчана пад адным кіраўніцтвам: ад жаночай кансультацыі да дзіцячага і дарослага аддзяленняў».
Паліклініка будзе абслугоўваць насельніцтва Вiшняўца і Паўднёвага, а гэта 36 тысяч дарослых i 14 тысяч дзяцей. Штаб укамплектаваны: працуе 106 лекараў і 195 медыцынскіх сясцёр.
Раней жыхары Вiшняўца і Паўднёвага былі вымушаныя наведваць перапоўненую паліклініку № 3 на Пестрака.