Новы дом сямейнага тыпу пабудавалі на вуліцы Валковіча. Побач ужо ёсць адзін такі ж дом, у якім справілі наваселле ў 2015 годзе, піша «Гродзенская праўда».

Паводле слоў старшыні Гродзенскага гарвыканкама Мечыслава Гоя, у горадзе існуе праграма будаўніцтва дамоў сямейнага тыпу, наступны запланаваны на 2018 год. Адначасова вядуцца перамовы з «Беларусбанкам», які ўдзельнічае ў праграме «Дзеці Беларусі», аб будаўніцтве за ўласныя сродкі ў Гродне яшчэ аднаго дома сямейнага тыпу.

— Гэта ўжо 26-ты дом сямейнага тыпу ў вобласці. Мы мэтанакіравана ідзем па шляху скарачэння дамоў-інтэрнатаў, — сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Аляксандр Сонгін. — Такіх устаноў засталося толькі дзве — ў Ваўкавыску і Панямуні, у якіх выхоўваецца 200 дзяцей .

Новы дом пабудавалі за сродкі абласнога і гарадскога бюджэтаў. Яго кошт — 453 тысячы рублёў. Таксама вылучаны грошы на ўкамплектаванне катэджа ўсім неабходным для пражывання.

Вуліца Валковіча для ўзвядзення падобных сямейных дамоў выбрана не выпадкова. Побач знаходзяцца сярэдняя школа, гандлёвыя цэнтры, парк імя Жылібера. У гэтай зоне прыватнай забудовы ідзе знос старога жылога фонду, а на яго месцы плануецца пабудаваць каля пяці дамоў сямейнага тыпу.