У Гродне запусцяць святочныя мадэлі ракет у выглядзе снегавіка і Дзеда Мароза, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА выкладчык лабараторыі ракетна-касмічнага мадэлявання Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Аляксандр Ліпай.

Гродзенскія мадэлісты на працягу дзясятка гадоў незвычайным чынам адзначаюць Новы год. Да святаў выхаванцы абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці сваімі рукамі вырабляюць незвычайныя ракеты. З імправізаванага касмадрома традыцыйна стартуюць снегавікі, аздобленыя навагоднія елкі і нават ракета-Дзед Мароз.

«Акрамя таго, запланаваны пуск ракеты ў выглядзе пеўня. Яна будзе сімвалізаваць сабой адыходзячы год. На вышыні ракета выпусціць сімвал 2018-га: фігурка сабачкі спусціцца да гледачоў на парашуце», — распавёў Аляксандр Ліпай.

Пускі навагодніх ракет пройдуць 2 студзеня на цэнтральным спартыўным комплексе «Нёман». Стартуе святочная праграма ў 14 гадзін.

Для гасцей свята падрыхтаваны некалькі сюрпрызаў. У тым ліку і розыгрыш прызоў у касмічную латарэю. Таксама падчас мерапрыемства можна будзе даведацца, як запісацца ў секцыю мадэлізму, высветліць падрабязнасці стварэння падобных мадэляў.

Дарэчы, адзначаюць пускамі ракет у Гродне не толькі Новы год, але і іншыя святы, напрыклад, Дзень касманаўтыкі. Гродзенскія ракетамадэлісты вядомыя і за межамі краіны. Трэнер Аляксандр Ліпай і некалькі выхаванцаў лабараторыі неаднаразова станавіліся прызёрамі чэмпіянатаў свету і Еўропы, пераможцамі этапаў Кубка свету.