З 21 снежня каля гандлёвага цэнтра OldCity пачаў працу калядны і пераднавагодні кірмаш, які на працягу апошніх гадоў праходзіў на плошчы Савецкай. Пакуль жа на новым месцы гандаль ідзе не так актыўна, як на старым, але арганізатары ўпэўненыя, што гэта пытанне часу.
Нагадаем, яшчэ ў жніўні ў гарвыканкаме было прынята рашэнне, што плошча Савецкая ў Гродне стане цалкам турыстычнай і на ёй не будуць больш праводзіцца кірмашы. А ўсе гандлёвыя мерапрыемствы перамесцяцца бліжэй да гандлёвых цэнтраў. Некалькі галоўных кірмашоў адыходзячага года было вырашана правесці на стаянцы каля гандлёвага цэнтра OldCity.
«Гэта наш першы такі кірмаш і вялікага адрознення ад гандля, які праходзiў на Савецкай плошчы, практычна няма, — распавядае маркетолаг гандлёвага цэнтра OldCity Сяргей Іваноў. — Вядома, людзям на першых парах адразу будзе цяжка прывыкнуць да новага месцазнаходжання кірмашу, але нам здаецца гэта часова. Людзі ўжо паціху пачынаюць прыходзіць. У асноўным кірмаш наведваюць пакуль пенсіянеры, чакаем і моладзь. Калі цікавасць да кірмаша ў гараджан будзе, то такі выгляд гандлю можа быць каля гандлёвага цэнтра і на пастаяннай аснове».
Як і раней на кірмашы арганізаваны продаж харчовых і нехарчовых тавараў. Тут можна купіць як розныя сувеніры, так і рыбу, хлебабулачныя, малочныя і мясныя прадукцыі ад мясцовых вытворцаў.
«Кірмашом пакуль незадаволеная. На Савецкай плошчы выбару было больш, а тут мяса амаль няма, а вось рыбы шмат. Пакуль жа вельмі скудна. Усё гродзенскае, а вось з раёнаў і вобласці нічога няма. Ёсць, вядома ж, і плюсы — ад дома ісці 10 хвілін і цэны даступныя», — распавяла адна з наведвальніц кірмашу пенсіянерка Лідзія Валянцінаўна.Калядныя і пераднавагоднія кірмашы будуць працаваць з 11.00 да 19.00 — 21 і 22 снежня, 28 і 29 снежня, а таксама 5 студзеня.