На выставе ў аддзеле мастацтва Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Карскага прадстаўлена больш за 100 рарытэтных кніжных выданняў са збораў Гродзенскай епархіі, якія доўгі час не пакідалі сховішчы праваслаўных храмаў. Самы ранні экспанат датуецца 1662 годам, піша «Гродзенская праўда».

— Выстава арганізавана па блаславенні архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія ў рамках творчага праекта «Дакрануцца да гісторыі» і прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, — распавяла загадчык аддзела Лілія Хадароўская.

Супрацоўнікі бібліятэкі разам з прадстаўнікамі Гродзенскай праваслаўнай епархіі правялі вялікую папярэднюю работу. Асобныя кнігі перад акрыццём выставы набылі новае жыццё. Большасць з іх знаходзілася ў сховішчах Свята-Пакроўскага сабора. Частка захоўвалася ў іншых храмах рэгіёна, а таксама ў прыватных калекцыях.

Гродзенцы ўбачаць ўнікальныя старыя кнігі, якія ніколі не выстаўляліся і захоўваліся ў сховішчах праваслаўных храмаў

Выстаўленыя ў аддзеле мастацтва Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі кнігі можна ўмоўна падзяліць на літургічныя, што выкарыстоўваліся на богаслужэннях, і маральна-багаслоўскія, ці бібліятэчныя. Яны ўпершыню выстаўлены на агляд.

На выставе экспануюцца кнігі, надрукаваныя на армянскай, грэчаскай, арабскай мовах. Разнастайная геаграфія іх выдання: Масква, Кіеў, Лондан, Вена, Санкт-Пецярбург, іншыя гарады свету.

Напрыклад, рукапісны Скрутак малітваў беларускіх мусульман напісаны ў 1910 годзе на паперы, якая была выраблена на Добрушскай фабрыцы.

Гродзенцы ўбачаць ўнікальныя старыя кнігі, якія ніколі не выстаўляліся і захоўваліся ў сховішчах праваслаўных храмаў

На адкрыцці выставы прысутнічалі ганаровыя госці з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, навукоўцы, студэнты гродзенскіх ВНУ.

Працаваць выстава будзе да лютага наступнага года.