Па ўсёй Гарадзенскай вобласці агульная колькасць ініцыятыўных груп, якія падавалі дакументы на рэгістрацыю ў абласную, гарадскую, раённыя, сельскія выбарчыя камісіі склала 1942. Пры гэтым толькі 29 з іх, якія былі зарэгістраваны, выступаюць за вылучэнне прадстаўнікоў дэмакратычнага блоку, што складае менш за 1,5%.

З гэтых 29 груп 14 — гэта прадстаўнікі партыі «Беларускі народны фронт», 5 — ад Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, 6 — ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, 2 — ад «Гавары праўду!» і 2 ад Беларускай партыі левых «Справядлівы свет».

Прадстаўнікі БХД прэтэндуюць на месцы ў абласны (Яўген Дудкін — Альшанская ВА № 13), гарадскі (Ганна Фешчанка — Спартыўная ВА № 19, Яўген Дудкін — Агінская ВА № 23), Слонімскі раённы (Міхаіл Сошка — Брэсцкая ВА № 7, Алесь Масюк — Заходняя ВА № 15) Саветы дэпутатаў.

Ад партыі БНФ больш за ўсё ініцыятыўных груп зарэгістравалася па Лідскім раёне. Гэта 10 груп з агульных 14 ад БНФ. Адна група фігуруе ў спісе зарэгістраваных па Слонімскім раёне, яшчэ адна, група ў падтрымку Вадзіма Саранчукова, зарэгістравана ў Гарадзенскай гарадской ТВК.

Вылучэнцы ад АГП будуць змагацца за месцы ў Астравецкім райсавеце (1 група), у Гарадзенскім аблсавеце (2 групы) і ў гарадскім Савеце Гродна (3 групы).

Ініцыятыўныя групы двух вылучэнцаў ад «Гавары праўду!» зарэгістраваныя ў Гарадзенскай гарадской камісіі (Дзмітрый Бандарчук і Сяргей Двурэчэнскі).

2 ініцыятыўныя групы ад БПЛ «Справядлівы свет» — у абласной выбарчай і Слонімскай раённай камісіях.

Калі глядзець асобна па прэтэндэнтах на месцы ў абласны і гарадскі Саветы дэпутатаў, то сітуацыя наступная. У гарсавет з 48 зарэгістраваных ініцыятыўных груп 6 прадстаўляюць дэмакратычны блок (12,5%). У абласны Савет, дзе 68 ініцыятыўных груп падалі свае заяўкі на рэгістрацыю (канчатковую лічбу менавіта зарэгістраваных абласны выканкам пакуль назваць не можа), толькі 4 групы выступаюць за вылучэнне прадстаўнікоў дэмакратычных сіл.

[irp posts="43 925″ name="Відэаапытанне: Гродзенцы пра выбары ў мясцовыя Саветы"]