У Гродне ўжо адчуваецца перадсвяточная атмасфера. Крамы ды вуліцы ўсё больш і больш пачынаюць зіхацець калядным убраннем, людзі прыглядаюцца да падарункаў. Дзе выбраць цікавыя рэчы, зробленыя ўручную, распавяла газета «Слова жыцця».

«У нас таксама пануе калядны дух, — распавядае Дар’я Фядотава-Вановіч, саўладальніца крамы „Лёля“. — Выстаўлены на продаж рэчы, выкананыя ў традыцыйнай і сучаснай тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Кожная з іх адметная сваёй ідэяй і стылем. Ёсць анёлкі, званочкі, гірлянды з каляднымі зоркамі, зробленыя з саломы. Іх можна павесіць на елку. Таксама можам прапанаваць святочныя свечкі. Яны прыемна пахнуць, могуць стаць прадметам дэкору. Яшчэ ў нас ёсць вельмі цікавыя саламяныя елкі. Іх верхавіны ўпрыгожаны каляднай зоркай».

Дзе шукаць густоўныя падарункі: гарадзенскія крамы і галерэі падрыхтавалі безліч цікавостак

У размове спадарыня Дар’я выказвае меркаванне, што менавіта такая зорка, а не пяціканцовая, бліжэйшая хрысціянам па душы. Гэты цёплы сімвал нагадвае пра продкаў, пра вёскі, з якімі ў многіх звязаны дзіцячыя ўспаміны святкавання Раства і калядавання.

Дзе шукаць густоўныя падарункі: гарадзенскія крамы і галерэі падрыхтавалі безліч цікавостак«Мы спецыялізуемся на таварах, што выкананы мясцовымі майстрамі, — гаворыць Надзея Несцяровіч-Вішнеўская, саўладальніца этнакрамы «Цудоўня». — Гэта самабытныя рэчы, вельмі часта — у адзінкавым экземпляры. Прапануем нашым кліентам керамічныя званочкі - сімвал Добрай Весткі, саламяныя і звязаныя кручком зоркі, елачкі, анёлкаў, ільняныя шары, якімі можна ўпрыгожыць святочнае дрэўца.

Таксама маем драўляныя пячаткі, з дапамогай якіх можна аздобіць абрус для вігілійнай вячэры ці стварыць унікальныя паштоўкі. Ёсць свечкі - неад’емны элемент святога вечара.

Упэўнена, што ўвагу пакупнікоў, якія хочуць прыўнесці хрысціянскі элемент у дэкараванне свайго жытла, прыцягнуць шкляныя калядныя вітражы. Вельмі ўрачыста будуць таксама глядзецца драўляныя анёлы аўтарства вядомага гродзенскага разьбяра Мікалая Скляра. У бліжэйшы час у продажы павінны з’явіцца калядныя вырабы аўтарства майстрыхі Мар’яны Кузьміцкай. У мінулым годзе яна здзівіла нашых пакупнікоў шопкай, зробленай з жытняй саломы. Сёлета ад яе чакаем новыя каларытныя вырабы з хрысціянскай сімволікай".

Дзе шукаць густоўныя падарункі: гарадзенскія крамы і галерэі падрыхтавалі безліч цікавостак

«Наша арт-пляцоўка прапануе гасцям не толькі набыць калядныя ўпрыгожанні, але заахвочвае дзяцей, моладзь і дарослых зрабіць аздобы сваімі рукамі, — распавядае Анжэліка Купрыянік, дырэктар галерэі „У майстра“. — З гэтай мэтай ужо другі год запар мы ладзім адмысловыя майстар-класы. Падчас іх ствараюцца ўнікальныя рэчы, якімі можна аздобіць хатні інтэр'ер. Сёлета мы ўжо зрабілі калядныя званочкі, елачныя цацкі, на якіх змясцілі біблейскія сюжэты на тэму Раства, таксама навучыліся майстраваць з драўляных загатовак цудоўных анёлаў. У бліжэйшы час плануем правесці майстар-клас па пляценні і дэкарацыі каляднага вянка. Створаныя аздобы таксама могуць быць добрымі падарункамі для блізкіх і сяброў. Яны зроблены з душой, таму, паверце, не пакінуць нікога раўнадушнымі».

Дзе шукаць густоўныя падарункі: гарадзенскія крамы і галерэі падрыхтавалі безліч цікавостак