Навагодні канцэрт «Партызаны каляднага лесу» гурт «Крамбамбуля» зайграе ў мінскім Prime Hall 21 снежня. Гледачоў чакаюць лепшыя песні гурта, канцэптуальнае сцэнічнае шоў і кілатоны навагодняга настрою. На канцэрце гэтаксама выступяць і гарадзенскія музыкі Алесь Дзянісаў і Пётр Клюеў.

— У кожным калядным лесе ёсць свае партызаны. Яны дапамагаюць святому Мікалаю: ахоўваюць елкі і зайцоў, сочаць, каб ніхто не сапсаваў добрым людзям свята. Прапануем прыяднацца да нашага вясёлага патруля і праспяваць разам пару дзясяткаў песень, — кажуць музыкі «Крамбамбулі».

Напярэдадні канцэрта на старонцы ў ВК з’явілася інфармацыя, што на выступ запрошаныя яшчэ некалькі музыкаў - Юрый Стыльскі (ДАЙ ДАРОГУ!), Пётр Клюеў (лідэр гурта Amplituda Śmielaści і ўдзельнік ЛСП), а таксама Алесь Дзянісаў (DZIЕCIUKI). «Ніхто з іх з „Крамбамбуляй“ раней не спяваў, але мы добра ведаем іх здольнасьці і ўпэўненыя, што гэта будзе моцна!»

У вядомым беларускім гурце ўжо грае адзін гарадзенец — Павел Трыпуць, які колькі гадоў таму з’ехаў у Мінск.

Гурт «Крамбамбуля» быў заснаваны ў 2002 годзе. Сучасны склад: Лявон Вольскі (вакал, гітара), Павел Трыпуць (вакал, гітара), Павел Аракелян (вакал, саксафон), Андрэй Якубчык (вакал, труба), Алесь-Францішак Мышкевіч (вакал, бас-гітара), Павел Мамонаў (бубны).