19 снежня ў катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя ў Гродне быў унесены Бэтлеемскі агонь міру, які даставілі харцэры з польска-беларускай мяжы. Менавіта з Гродна распачынае Бэтлеемскі агонь сваю вандроўку па нашай краіне, піша grodnensis.by.

У найбліжэйшыя гадзіны і дні ён дасягне іншых гарадоў Беларусі. Агонь разносяць беларускія скаўты. Ён будзе занесены таксама ў шпіталі, хоспісы, а найперш да састарэлых, самотных і пакінутых людзей. У Беларусь Бэтлеемскі агонь прыбыў ужо ў 18-ы раз.

Бэтлеемскі агонь прыняў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На набажэнстве cабраліся вернікі Гродна i ваколіц, каб узяць агонь у свае дамы на вігілійны стол, дзе ён будзе нагадваць аб Уцелаўленні Божага Сына.

Падчас набажэнства перадачы Бэтлеемскага агню біскуп Кашкевіч нагадаў, што сёлетняя акцыя Бэтлеемскага агня міру адбываецца пад дэвізам: «У Табе ёсць святло».

З Гродна распачаў вандроўку па Беларусі Бэтлеемскі агонь міру

З Гродна распачаў вандроўку па Беларусі Бэтлеемскі агонь міру