Тыя, хто аддаюць перавагу сапраўднай лясной прыгажуні перад штучнай, з нецярпеннем чакаюць старту продажаў на ёлачных базарах. Як вырошчваюць галоўны навагодні атрыбут, распавялі «Перспектыве» ў Скідзельскім лясгасе.

Тут на 27 гектарах размясцілася каля 40 плантацый, дзе растуць «навагоднія дрэвы»: піхта, хвоя, елка. Ляснічы Лунненскага лясніцтва Аляксандр Залеўскі ўжо не адзін год займаецца вырошчваннем навагодніх дрэў. У яго «валоданнях» 7 плантацый, на якіх падрастаюць 17 тысяч елак і соснаў.

[irp posts="43 224″ name="Дзе ў Гродне запрацуюць елкавыя базары: спіс кропак+кошты"]

— На адзін гектар звычайна высаджваем прыкладна пяць тысяч саджанцаў, — распавядае спецыяліст. — З іх да пакупніка даходзіць прыкладна тысяча: гэта самыя прыгожыя дрэвы. Нарыхтоўку ў асноўным пачынаем, калі елі і хвоі дасягаюць 4−5-гадовага ўзросту. Але гэтая лічба вельмі ўмоўная: усё залежыць ад кожнага канкрэтнага экземпляра.

З пяці тысяч саджанцаў да пакупніка даходзіць тысяча самых прыгожых: як вырошчваюць навагоднія дрэвы

Дзялянка з дрэвамі, якія не паступілі ў продаж, дапаўняецца іншымі, такімі як бяроза, дуб, клён. У выніку — праз некалькі гадоў ужо шуміць галінамі паўнавартасны лес.

Ялінкі ў «касетах»

У двух цяпліцах — зусім маладыя дрэўцы, якім толькі два гады. Ялінкі высаджаны ў грунт і чакаюць, калі іх пераселяць на плантацыі ці будуць выкарыстоўваць падчас папаўнення ляснога фонду. Тут жа, пад навесам размясціліся дрэўцы двухгадовыя, якіх вырошчваюць па фінскай тэхналогіі. Гэта значыць, у «касету», дзе ёсць спецыяльныя ячэйкі, закладваюць насенне і пажыўную субстанцыю. Калі саджанцы падрастуць, іх разам са змесцівам «касеты» перасадзяць пры дапамозе адмысловай прылады ў адкрыты грунт. У такім выпадку яны значна лепш прыжываюцца не залежна ад пары года.

З пяці тысяч саджанцаў да пакупніка даходзіць тысяча самых прыгожых: як вырошчваюць навагоднія дрэвы

Знайсці баланс

На плантацыі каля Скідзеля на 0,5 гектара некалькі гадоў таму размясцілі каля двух тысяч елак. З мінулага года частку з іх ужо адправілі на продаж.

— Пры пасадцы, акрамя іншых фактараў, улічваем тое, наколькі глеба ўрадлівая, насычаная вільгаццю, — адзначае памочнік ляснічага Скідзельскага лясніцтва Ганна Станевіч. — Трэба падабраць аптымальны баланс, каб вырасціць прыгожае дрэва. У далейшым неабходна сачыць, каб іншыя пароды, трава не перашкаджалі саджанцам. Варта адзначыць, што елкі на рэалізацыю нарыхтоўваем яшчэ з высечак. Важна, што такія дзеянні не прыносяць ніякай экалагічнага шкоды лесу, бо вядзецца пастаяннае яго абнаўленне.

Паводле слоў спецыяліста, больш за ўсё ў скідзельчан карыстаюцца папулярнасцю дрэвы ад 1,1 да 2 метраў. Больш высокія набываюць у асноўным арганізацыі і прадпрыемствы.

На любы густ

У асартыменце пераднавагодняй прадукцыі - елкі ў кадках. Невялікія дрэўцы ўдала ўпішуцца ў інтэр'ер офіса, пакоя ў кватэры. Пры жаданні вясной іх можна высадзіць у адкрыты грунт. Навагоднія букеты прыйдуцца па душы аматарам навагодняга мінімалізму, а таксама тым, хто ставіць штучную елку, але хоча, каб дом быў напоўнены прыемным водарам.

Букеты ўяўляюць сабой некалькі хвойных лапак, сабраных разам. Такое навагодняе ўпрыгожванне абыйдзецца пакупніку ў 2 рублі, елка ў кадушцы будзе каштаваць 9 рублёў. За навагодняе хваёвае дрэва вышынёй да метра папросяць 9 рублёў, ад 1,1 да 2 метраў - 11 рублёў. На галоўны навагодні атрыбут ад 2,1 да 3 метраў у вышыню ўстаноўлена цана 17 рублёў, ад 3,1 да 5 — 22 рублі, ад 5,1 да 8 — 45. За «волатаў» звыш васьмі метраў прыйдзецца аддаць 92 рублі.

Дарэчы, у мінулым годзе Скідзельскі лясгас рэалізаваў каля 2 тысяч навагодніх дрэў. У гэтым прыкладна тры тысячы гатова для продажу. З іх асноўная колькасць — елка.

З пяці тысяч саджанцаў да пакупніка даходзіць тысяча самых прыгожых: як вырошчваюць навагоднія дрэвы

Цукарам і аспірынам

Спецыялісты раяць пасля марозу адразу не несці дрэва ў дом, а ненадоўга пакінуць на балконе, у гаражы або ў іншым памяшканні.

— У далейшым не варта размяшчаць яго блізка да батарэі - у такім выпадку можа абсыпацца раней часу, — падкрэслівае намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы Скідзельскага лясгаса Арцемій Лісай. — Перад устаноўкай у дзяжу або вядро з грунтам рэкамендуем падрэзаць ствол знізу. І, вядома, трэба не забываць добра паліваць. Для гэтага можна прыгатаваць раствор з аспірыну і цукру. Такая падкормка дасць ігліцы рэчывы, якіх не хапае, за кошт чаго яна доўга будзе заставацца «свежай» і зялёнай.

У тэму

Напярэдадні навагодніх святаў супрацоўнікі лясгаса сумесна з РАУС і інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету праводзяць рэйды па незаконнай рубцы дрэў, у прыватнасці елкі, хвоі. Штраф за такое парушэнне — ад 5 да 50 базавых велічынь (ад 115 да 1 150 рублёў).