Самагоншчыкі, якіх пад Гродна высочвалі некалькі дзён, забрудзілі адкідамі сваёй вытворчасці 600 кв.м лесу, піша БЕЛТА.

Пра гэта паведаміла спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Вольга Грамовіч.
Міні-завод па вытворчасці самагону праваахоўнікі ліквідавалі ў лясным масіве каля вёскі Верхполле. Знайсці незаконны аб’ект, які знаходзіўся ў глухім гушчары, дапамаглі мясцовыя жыхары, якія 11 снежня паведамілі пра гэта ў міліцыю і Гродзенскую абласную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету. Аператыўная група заспела самагоншчыкаў знянацку. Адзін з іх, ураджэнец вёскі Новы Двор, узяў віну на сябе.

Самагоншчыкі пад Гродна забрудзілі адпрацаванай брагай 600 квадратных метраў лесу

Мяркуючы па маштабе забруджанай тэрыторыі, апарат функцыянаваў у лесе даўно. Адпрацаваная брага злівалася з бака праз шланг. У выніку на плошчы ў 600 кв.м была знішчана лясная падсцілка. Учыненую шкоду прыродзе ацанілі ў 600 базавых велічынь (1 БВ складае цяпер Br23).

За забруджванне лесу, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры, прадугледжана крымінальнае пакаранне — ад выпраўленчых работ да пазбаўлення волі. Зараз вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы па ч.2 арт. 275 КК РБ (забруджванне лесу, што пацягнула наўмыснае або па неасцярожнасці прычыненне шкоды ў буйным памеры). Разлічыцца давядзецца і за высечаныя для распалкі 24 дрэвы аб’ёмам 8,5 кубаметраў.