У Польшчы паступова забароняць гандаль у нядзелю. З сакавіка 2018 года крамы будуць адкрытыя толькі ў першую і апошнюю нядзелю месяца. З 2019-га — толькі ў апошнюю. У 2020-м крамы будуць закрытыя ва ўсе нядзелі.
Але ёсць і выключэнні. Гэтак, крамы змогуць працаваць у дзве нядзелі, якія папярэднічаюць Калядам ды ў нядзелю перад Вялікаднем. Таксама гандляваць можна будзе ў апошнюю нядзелю студзеня, красавіка, чэрвеня і ліпеня.
Апроч гэтага ёсць яшчэ 30 месцаў, гандаль у якіх можа будзе весці кожную нядзелю:
- пякарні, кандытарскія і марожаніцы;
- запраўкі;
- салоны кветак;
- аптэкі;
- сувенірныя крамы;
- шапікі з прэсай, тытуням і латарэйнымі білетамі;
- пошта (цікава, што большасць паштовых аддзяленняў Польшчы цяпер у нядзелю зачыненая);
- гатэлі;
- культурніцкія, спартовыя і турыстычныя аб’екты;кірмашы;санаторыі і шпіталі; вакзалы, рачныя і марскія парты;
- аэрапорты;
- транспартныя сродкі (напрыклад, на паромах або ў самалётах);
- нафтавыя платформы;
- зоны duty free;
- турмы;
- вайсковыя часткі;
- пахавальныя бюро ды інш.
Адкрытая аптэка ў закрытым гандлёвым цэнтры
З аднаго боку, некаторыя крамы тэарэтычна змогуць абыйсці забарону, маючы, напрыклад, уласную пякарню — праўда, невядома, ці захочуць гэтым шанцам карыстацца. З іншага боку, не ўсе гандлёвыя пункты, што змогуць легальна працаваць, захочуць у нядзелю адчыняцца.
Кавярні і кінатэатры ў гандлёвых цэнтрах павінныя былі быць адкрытыя, але праз юрыдычную недакладнасць новага закону і адсутнасць фінансавага сэнсу гэта будзе выглядаць інакш, — кажа дырэктар Рады гандлёвых цэнтраў Польшчы Радаслаў Кнап. — Калі будзем ісці па гандлёвым цэнтры, дзе збольшага ўсё будзе закрытае, а адкрытае толькі нешта то тут, то там, гэтыя гандлёвыя пункты наўрад ці самі захочуць адкрыцца ды браць на сябе кошты прыборкі і аховы.
Радаслаў Кнап лічыць, што замест забароны гандлю ў нядзелю лепш было б даць працаўнікам крамаў больш вольных нядзеляў. Паводле спецыялістаў, такога меркавання прытрымліваецца каля 80% палякаў.
Запытаныя ў Тэрэспалі і Бялай Падлясцы беларусы пра забарону кажуць спакойна: маўляў, для пакупак дастаткова і суботы, а ў нядзелю лепей адпачываць і хадзіць у царкву.
Закупы ў суботу
Згодны з гэтым і дырэктар гарадзенскай турфірмы «Зэт» Сяргей Якшэвіч. Прадпрымальнік кажа, што большасць беларусаў, якія збіраюцца на закупы ў Польшчы, стараюцца паехаць у суботу, каб не рызыкаваць спазніцца на працу ў панядзелак, бо на мяжы можна прастаяць і дзве гадзіны, і шэсць.
Галоўную праблему ў забароне гандлю Якшэвіч бачыць не ў ёй самой, а ў эфектах, якія яна можа стварыць на мяжы. Галоўнае, каб польская мытня давала рады чэргам турыстаў, якія вяртаюцца дахаты, кажа прадпрымальнік.
«Асноўнае затрыманне на мяжы — у суботу», — кажа бізнесовец.
Пра крокі беларускіх уладаў выкарыстаць кан’юнктуру і раскруціць ідэю «купляць беларускае» — няхай і ў нядзелю — пакуль не чуваць.
«Дзяржава спадзяецца, што людзі застануцца дома і будуць купляць у буйных супермаркетах, якія імпартуюць тавары і плацяць за гэта пошліну», — кажа даследчык прадпрымальніцтва, доктар сацыялогіі Аляксандр Папко.
Але беларусы Гродзеншчыны і Берасцейшчыны наўрад ці будуць кіравацца такой логікай у сітуацыі, калі некаторыя харчы можна набыць у Польшчы ў два разы танней, чым дома. Паводле апошніх звестак, ежа ў Польшчы — самая танная ва ўсім Еўразвязе.
Таму налета беларусы працягнуць везці ў Польшчу мільёны долараў - праўда, шэсць, а не сем дзён на тыдні. І праводзячы яшчэ больш часу на мяжы.