Як гадуюцца елкі на продаж, што застаецца пасля святочных вырубак і як даглядаць елкі ў кадках, «Гродзенскай праўдзе» распавялі ў лясным гадавальніку «Зарубічы» Гродзенскага лясгаса.
Правілы росту
Начальнік лесагадавальніку Арцём Дашкевіч распавядае, што елкам, якія прадаюць на елкавых базарах, у сярэднім па восем-дзесяць гадоў. «Радзільні» для ялінак можна назваць пасяўное аддзяленне гадавальніка. Тут прыгожымі шэрагамі зелянеюць маленькія зялёныя парасткі. Праз два гады іх перасаджваюць у школьнае аддзяленне, яшчэ праз два гады перасадзяць у лес.
Для плантацый навагодніх елак адводзяць асаблівыя месцы з адпаведнай глебай. Пасля навагодняй вырубкі работнікі лясной гаспадаркі пакідаюць частку елак, і плантацыя робіцца прыгожым хваёвым лесам.
Дарэчы, елкі растуць вельмі павольна. Мятровай вышыні дасягаюць прыкладна на восьмым годзе.
А на елкавых базарах Гродзеншчыны часцей за ўсё пытаюцца пра дрэвы вышынёй ад аднаго да двух метраў. У мінулым годзе толькі Гродзенскі лясгас рэалізаваў каля пяці тысяч елак.
[irp posts="43 224″ name="Дзе ў Гродне запрацуюць елкавыя базары: спіс кропак+кошты"]
Як даглядаць за елкай у кадцы
Некаторыя жыхары вобласці ўжо шмат гадоў аддаюць перавагу елкам у кадках. Яны не абсыпаюцца, пахнуць на ўвесь дом. Пасля заканчэння святаў іх можна перасадзіць у глебу ў двары — і дрэва працягне свой рост.
Арцём Дашкевіч распавядае, як правільна даглядаць за елкай у кадцы. Перш, чым прынесці яе ў дом, пажадана абліць халоднай вадой і на суткі-двое пакінуць у прахалодным памяшканні, што дапаможа хвойнаму дрэву перанесці перапады тэмпературы. Пасля чаго можна ўносіць навагоднюю прыгажуню ў дом і ўпрыгожваць.
Не варта ставіць яе каля крыніц цяпла. Абавязковая ўмова — паліў. Калі забяспечыце беражлівы клопат, яна будзе цешыць сваёй зелянінай і ўлетку, але ўжо на прысядзібным участку.
Можна набыць і блакітныя елкі
Акрамя звычайнай зялёнай ці так званай еўрапейскай елкі, у «Зарубічах» вырошчваюць калючыя елкі, якія часцяком называюць блакітнымі. Такое дрэва носіць чыста дэкаратыўны характар і ў лясах не «жыве». Таму зялёная прыгажуня з блакітным адлівам са «школы» перасаджваецца ў кадкі, так і прадаецца.
Блакітныя елкі можна будзе купіць у Індурскім і Нёманскім лясніцтвах. Лясныя гаспадаркі прапануюць у кадках і звычайную зялёную елку.