Святкаваць Хануку яўрэі ўсяго свету пачалі сёлета з вечара 12 снежня. У Гродне традыцыйнае запальванне галоўных ханукальных свечак на сінагозе пачалося на наступны дзень – 13 снежня. Другое па значнасці рэлігійнае свята ў iўдзеяў будзе доўжыцца 7 дзён.
Гродзенскія яўрэі кожны год імкнуцца разнастаіць святкаванне Ханукі. У гэтым годзе акрамя афіцыйнага запальвання свечак прайшло фаер шоў, быў пачастунак, таксама выступіў моладзевы гурт “Radiance”.
Сёлета склад тых, хто запальвал свечкі на балконе сінагогі, змяніўся. Да рабіна Іцхака Кофмана і старшыні мясцовай абшчыны Барыса Квяткоўскага далучыўся хлопец Натан Шамсутдзiнаў. Упершыню малады прадстаўнік абшчыны ўдзельнічае ў запальванні галоўных свечак свята. Такім чынам мясцовая абшчына паказала сувязь пакаленняў.

“Для мяне гэта сур’ёзная падзея: я першы з моладзі ў гродзенскай абшчыне, хто запальвае свечкі разам з рабінам і старшынёй, -кажа Натан. – Безумоўна, гэта захаванне традыцый, правілаў, якія важныя для яўрэйскага свету, для захавання абшчыны і яе культуры. А таксама гэта вяртанне да таго, што было знішчана 70 гадоў таму”.
На свяце абшчына прэзентавала каляндар з памятнымі датамі і каштоўнымі фатаграфіямі гродзенскіх яўрэяў. Распрацавалі каляндар прадстаўнікі выдавецтва ЮрСаПрынт: Аляксандр Рыжы і Марына Шапялевіч.

На стол у свята Ханукі прынята класці традыцыйныя пончыкі, садавіну і іншыя прысмакі. Дзецям на Хануку расказваюць гісторыю свята і дораць падарункі.
Сярод традыцыйных гульняў для дзяцей самай папулярнай з’яўляецца “свiвон” або “дрэйдл” – нешта накшталт рускага ваўчка або юлы.

Што такое Ханука
Ханука – свята свечак, якое яўрэі адзначаюць на працягу васьмі дзён. Свечкі запальваюць у памяць аб цудзе, які адбыўся ў час асвячэння храма пасля перамогі войскаў Іегуды Макавея над войскамі цара Антыёха ў 164 годзе да н.э. Гэтае свята вельмі важнае для яўрэяў, бо сімвалізуе, што вера ў Бога вечная, і ёсць рэчы, у прыватнасці духоўныя, якія нельга ў чалавека адабраць.









