Актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Салянік дамогся сустрэчы са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым. Гэта надзвычай рэдкая падзея для Гродна, піша Радыё Рацыя".
За чатыры гады працы гродзенскага чыноўніка спробы грамадскіх актывістаў запісацца да яго на прыём не мелі поспеху. Іх звароты перанакіроўвалі да намеснікаў.
«Па-першае, мяне таксама хацелі накіраваць да намеснікаў. Я адказаў, што буду размаўляць толькі з першай асобай. Магчыма, мяне ведаюць па выступленнях на плошчы, калі я не хаваўся падчас Марша супраць дэкрэта № 3. Я тады назваў сваё прозвішча, імя, нумар тэлефона, дзе прапісаны. Я не баюся гэтай улады, таму што нічога супрацьпраўнага не раблю і не патрабую», — расказвае Мікалай Салянік.
Сярод тэмаў, якія падняў перад Уладзімірам Краўцовым Мікалай Салянік, былі небяспека атамнай станцыі ў Астраўцы, тэма «малога памежнага руху», які не працуе, якасць абслугоўвання мясцовай аўтаінспекцыі, грамадскага транспарту ў мікрараёне Альшанка, а таксама сацыяльная справядлівасць.
Паводле слоў Мікалая Саляніка, не на ўсе пытанні ён атрымаў адказ.