МЗС, Мінспорту і мытня гатовыя і да 30-дзённага тэрміну бязвізавага знаходжання замежных турыстаў, але МУС і КДБ пакуль супраць, пішуць naviny.by. Тэрмін бязвізавага ўезду ў Беларусь праз нацыянальны аэрапорт Мінск для грамадзян 80 краін свету ў 2018 годзе плануецца павялічыць да 10 дзён.
Пра гэта заявіў намеснік начальніка галоўнага консульскага ўпраўлення Міністэрства замежных спраў Аляксандр Ганевіч.
Ганевіч таксама адзначыў, што МЗС прапанаваў усім зацікаўленым ведамствам павялічыць тэрмін бязвізавага знаходжання на час другіх Еўрапейскіх гульняў летам 2019 года да 30 дзён, а пасля гэтага спартыўнага мерапрыемства — перайсці на гэты ж тэрмін з магчымасцю замежным грамадзянам прыязджаць праз усе пункты пропуску.
«Мы знайшлі падтрымку Міністэрства спорту і турызму і Дзяржаўнага мытнага камітэта, але МУС і КДБ згодныя толькі на 10 дзён безвізу. Гэтая праца павінна адбывацца планава і на ўсіх узроўнях. Таму проста дазволіць [знаходжанне без візы 30 дзён], мабыць, мы яшчэ не гатовыя. Больш за тое, нас пастаянна тузаюць нашы ўсходнія суседзі. Яны і з-за пяці дзён зладзілі такую істэрыю», — адзначыў чыноўнік.
Ён паведаміў, што МЗС таксама падтрымлівае прапанову мясцовых уладаў аб павелічэнні да 10 дзён бязвізавага знаходжання ў Брэсцкай вобласці - Белавежскай пушчы і ў Гродзенскай — праз вакзал і аэрапорт Гродна.
«Наколькі мне вядома, з польскага боку авіякампанія LOT гатовая лятаць у Гродна», — сказаў ён.
Аляксандр Ганевіч адзначыў, што ў 2014−2015 гадах МЗС выдаваў да 300 тысяч віз у год, што прыносіла ў бюджэт 25 млн даляраў штогод. У 2016 годзе знешнепалітычнае ведамства выдала 275 тысяч віз, а па прагнозе на гэты год іх колькасць складзе 180−200 тысяч.
«Ці памяншаецца з-за ўвядзення бязвізу паступленне грошай? Канкрэтна ў МЗС — так, але што тычыцца дзяржавы, то вядома, не. У нас за восем месяцаў гэтага года экспарт турыстычных паслуг, якога магло і не быць, у Мінску склаў 70 млн даляраў, ці 134%, Гродна — 8,5 млн, або 117%. Тое ж самае ў Брэсце. Гэтыя гарады ўжо сабралі на турпаслугах ў агульнай суме каля 90 млн, а на візах мы страцілі каля 12 млн. Таму бязвіз — гэта станоўчы вопыт, які трэба развіваць», — лічыць прадстаўнік МЗС.