8 снежня супрацоўнікі Гарсвятла ўсталявалі вялікую навагоднюю арку ля ўваходу ў парк Жылібера з боку вуліцы Ажэшкі. Пасля ўключэння ілюмінацыі яна стане адным з галоўных святочных упрыгожванняў горада.

Ілюмінацыя і агні на навагодніх ёлках у Гродне заззяюць падчас карнавальнага шэсця Дзядоў Марозаў і Снягурак, якое пройдзе 15 снежня.

Усяго ў парку Жылібера і ў гістарычным цэнтры горада да 15 снежня будуць ўстаноўлены 12 канструкцый, якія сімвалізуюць надыходзячы год сабакі. Паводле задумкі дызайнераў Гарсвятла, парк Жылібера ператворыцца ў казачны лес, дзе на кожным кроку гасцей будуць чакаць сюрпрызы. Ужо зараз там можна ўбачыць кампазіцыю з кветкай лотаса, вялікае ўпрыгожанае ліхтарыкамі дрэва і іншыя кампазіцыі.