Клуб польскага кіно «Дзясятая муза» пачне сваю працу 12-га снежня ў Гродне. Арганізатары прапануюць на сустрэчах клуба глядзець польскае кіно, якое з’явілася на экранах кінатэатраў пасля 2000 года і дыскутаваць пра гэтыя фільмы і іх стваральнікаў. Фільмы будуць паказаны ў арыгінальнай польскай моўнай версіі з субтытрамі на рускай мове. Дыскусія будзе адбывацца на мове, абранай удзельнікамі.

Клуб запрашае ўсіх зацікаўленых культурай заходніх суседзяў, сучасным кіно, ахвотных даведацца больш пра лепшыя польскія стужкі апошніх 20-ці гадоў, а таксама тых, хто хоча ўдасканаліць разуменне польскай мовы на слых, паразмаўляць з іншымі аматарамі дзясятай музы.

Гэты праект арганізавала Эвеліна Пачка — валанцёрка з Кракава, аматарка студыйных кінатэатраў і размоваў за чорнай гарбатай. У Гродне яна жыве з верасня, працуючы ЕВС-валанцёркай у ГА «Цэнтр «Трэці сектар».

Падчас першай сустрэчы адбудзецца прагляд фільма «Паслявобразы» (2016), апошняй стужкі Анджэя Вайды. Фільм расказвае пра апошнія гады жыцця польска-беларускага мастака Уладзіслава Страмінскага, які ў час сталінізму ваяваў за свабоду мастацкага выказвання.

Сустрэчы клуба будуць адбывацца кожныя два тыдні, па аўторках у 18.30 па адрасе Будзённага 48а-86. Першая сустрэча — 12 снежня.

www.youtube.com/watch?v=AielZKxSuB8

Сачыць за навінамі клуба можна на сайце ГА «Цэнтр «Трэці сектар» ці ў сацсетках — вк і фб.