Каб пазбегнуць пакарання 38-гадовы гродзенец спрабаваў схавацца ў Расіі, дзе яго і затрымалі, паведамляе «Перспектыва».

«Злачынства ён здзейсніў разам са сваім знаёмым у красавіку 2016 года. Яны знайшлі спажыўца, гатовага купіць у іх псіхатропнае рэчыва за 100 даляраў. Здзелка прайшла паспяхова, аднак праз некалькі гадзін пакупнік быў затрыманы аператыўнікамі. Пазней выйшлі і на след падазроных», — расказаў старшы памочнік пракурора г. Гродна Аляксей Гатоўчыц.

Калі аднаго затрымалі і асудзілі на 9 гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, іншы ўцёк у Расію. Аднак схавацца ад адказнасці яму не ўдалося. Прыкладна праз год расійскія праваахоўнікі затрымалі падазраванага і перадалі беларускім калегам.

У верасні гэтага года суд Кастрычніцкага раёна прызнаў гродзенца вінаватым па ч.3 арт.328 КК Рэспублікі Беларусь і прыгаварыў да 10 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Асуджаны, палічыўшы прысуд занадта суровым, абскардзіў яго. Але абласны суд усё пакінуў без зменаў.