У «Каробчыцкім Алімпе» сёлета цюбінгавую трасу плануюць пакрываць снегам паралельна з лыжнай і адкрыць адной з першых. Магчыма, тут з’явіцца і асобны схіл для санак, піша «Гродзенская праўда».
[irp posts="42 342″ name="200 коўзанак і 150 лыжных трас рыхтуюць ў вобласці да зімовага сезона адпачынку"]
Снегавыя гарматы ў парку актыўнага адпачынку можна будзе ўключыць, калі дзённая тэмпература паветра цягам некалькіх дзён будзе трымацца на ўзроўні пяці градусаў ніжэй за нуль. Як толькі дазволіць надвор’е, тут пачнуць «заснежваць» схілы. Прычым паспрабуюць зрабіць гэта так, каб адначасова адкрыць для катання вучэбны схіл для лыжнікаў і цюбінгавы. Інвентару для аднаго з самых вясёлых спускаў у гэтым годзе стала больш: напярэдадні новага сезона набылі больш за трыццаць «ватрушак».
— Разглядаем магчымасць арганізацыі і санкавага схілу, — распавёў Уладзімір Голубеў, які выконвае абавязкі начальніка парка актыўнага адпачынку «Каробчыцкі Алімп». — Ён можа з’явіцца паміж цюбінгавай і лыжнай трасамі, для бяспекі будзе агароджаны. Пакатацца на такім схіле можна будзе на пластыкавых санках і санях з шырокім полазам. Не выключаем, што пералік забаў для дзяцей у парку папоўніцца магчымасцю пракаціцца на дзіцячых снегакатах.
Рэжым працы парка зменіцца: плануецца скараціць колькасць начных катанняў. Але ад іх не адмовяцца. Як і ў мінулым годзе, для зручнасці тых, хто аддае перавагу катанням на сваіх лыжах і сноўбордах, будуць працаваць пасуткавая камеры захоўвання інвентара.
У мінулым годзе першых наведвальнікаў парк актыўнага адпачынку прыняў 9 студзеня. Каб арганізаваць працу трох схілаў - аматарскага, вучэбнага і цюбінгавага, у снег было пераўтворана каля 8,5 тысяч кубаметраў вады. На працягу сезона актыўнага зімовага адпачынку атрымалі задавальненне ад слізгацення па схілах «Алімпа» больш за дзесяць тысяч чалавек.