Напярэдадні святаў у Гродзенскай вобласці правядуць каля 1 тысячы навагодніх выстаў-продажаў і кірмашоў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні гандлю і паслуг Гродзенскага аблвыканкама.

У рэгіёне таксама запланавана больш за 130 дэгустацый, 60 пераднавагодніх распродажаў, каля трох дзясяткаў рэкламных гульняў і акцый. Да Новага года пачнуць працу больш за 150 елачных кірмашоў, 19 з іх у абласным цэнтры.

Зялёных прыгажунь можна набыць з 20−21 снежня, кошт вар'іруецца ад Br4 за елку памерам да 1 м да Br24 за пяціметровае дрэва. Святочныя кірмашы пройдуць ва ўсіх раёнах вобласці. У Гродне традыцыйныя калядныя і навагоднія кірмашы ў гэтым годзе арганізуюць на пляцоўцы каля ГЦ OldCity.

Новае месца, лічаць ва ўпраўленні гандлю і паслуг, зручней як для прадаўцоў, так і для пакупнікоў. Кірмашы будуць арганізаваны 21−22 і 28−29 снежня, а таксама 5 студзеня. Традыцыйна тут будзе прадстаўлена прадукцыя лепшых вытворцаў рэгіёна. Прапрацоўваецца і пытанне арганізацыі навагодніх кірмашоў каля галоўных ёлак ў гарадах.

Больш за 300 аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання ў Гродзенскай вобласці падоўжаць час працы ў перадсвяточныя дні. Забяспечаны яны і неабходным запасам традыцыйных для Новага года прадуктаў. У прыватнасці, у гандлёвых арганізацыях прыгатавана звыш 40 тысяч салодкіх падарункаў, у тым ліку ад беларускіх вытворцаў, яшчэ каля 15 тысяч сфармавана непасрэдна ў крамах. Створаны і запас больш чым 70 тысяч бутэлек шампанскага. Прадстаўлены шырокі выбар ёлачных упрыгожанняў, цацак, штучных елак.