Маладое дрэва, якое нядаўна пасадзілі ля дома па Маставой, 33 супрацоўнікі Зелянбуда, нехта зламаў у канцы лістапада. На запісах з камер відэаназірання бачна, што каля дрэва стаяла група п’яных.
Зламанае дрэва жыхары дома і работнікі бліжэйшых устаноў заўважылі толькі ў пачатку снежня. Камера відэаназірання з крамы “Акцэнт” паказала, што дрэва зламалі ў ноч з 25 на 26 лістапада. Верагодна, гэта зрабіла група асоб, што побач распівалі спіртное, а потым з’ехалі на таксі.
“Сумна, што так адбываецца. У цэнтры города дрэў i так няма, а iх яшчэ ламаюць спецыяльна. Гэта адзіны клён, якi прыжыўся на рагу нашага дома, усе астатнія проста засыхалi. Ветрам расліну зламаць не магло, бо яна была прывязана”, – распавяла жыхарка вуліцы Ірына.

У міліцыі патлумачылі, што будуць шукаць вінаватых і прыцягнуць іх да адказнасці. За гэта правапарушэнне прадугледжана адміністрацыйная адказнасць і штраф да 50 базавых велічынь.




