У першыя дні снежня на пешаходнай вуліцы Савецкай з’явіўся ў продажы вялікі партрэт Леніна, які прадаюць за 80 рублёў. Турысты робяць фота з правадыром сусветнага пралетарыяту, але купляць не спяшаюцца. Не ўсе прадаўцы і рамеснікі, што працуюць на пешаходнай вуліцы, задаволеныя такім суседствам.

«Пад гэтым партрэтам нічога добрага не бачыла»

Заўзяты праціўнік продажу Леніна ў цэнтры Гродна — мастачка Любоў, якая прадае там свае карціны больш за 10 гадоў.

«Маё дзяцінства прайшло пад гэтым партрэтам і я нічога добрага не бачыла — дэфіцыт усяго быў. Тым больш, Ленін, калі прыйшоў да ўлады, паўтараў: «Забіваць як мага больш папоў». А цяпер яго партрэты пачынаюць прадаваць у цэнтры Гродна.

Я не памятаю каб на гэтай вулiцы такое было. Размаўляць з прадавачкай проста бессэнсоўна, бо ў яе мазгі прамытыя гэтай ідэалогіяй і прапагандай. Яна кажа, што грошы ёй патрэбныя, вось i прадае. Турысты ж з нас смяюцца, бо ў іх папулярызацыя Леніна забаронена", — падзялілася думкай Любоў.

У Гродне на Савецкай можна набыць Леніна за 80 рублёў. Але не набываюць
Партрэт Леніна, які прадаюць на вуліцы Савецкай за 80 рублёў

Ленін — наша гісторыя?

Мастачка Ірына выйшла з партрэтам Леніна ў цэнтр Гродна ў першыя дні снежня. Прадаць партрэт правадыра яе папрасіла сяброўка.

«Леніна прадаю за 80 рублёў, гэта рэшткі са старой калекцыі маёй знаёмай. Такiя вялікія партрэты маляваў яе муж, які памёр. Раней Ленiна вешалі ў офісы начальнікаў, — распавядае Ірына. — Турысты цікавяцца партрэтам, нават падыходзяць і фатаграфуюцца. Але вось купляць пакуль ніхто не спяшаецца. Вядома, ёсць абураныя людзі, але мы павінны разумець, што ён — гэта наша гісторыя, якая была».

Турысты Леніна купляць не спяшаюцца

Адам і Марта — турысты з Польшчы. Продаж Леніна на вуліцы ўразіў іх не так моцна, як помнік на плошчы Леніна. Але партрэт яны таксама знялі на фота.

«У нас Леніна купіць нельга, бо гэтая асоба, як і Сталін, у нас забароненая. Я б такі партрэт не купляў», — кажа Адам. А вось Марта кажа, што маглаб купіць і завезці ў Польшчу свайму сябру, які калекцыянуе прадметы савецкай эпохі.

У Гродне на Савецкай можна набыць Леніна за 80 рублёў. Але не набываюць
Польскія турысты Адам і Марта на вуліцы Савецкай у Гродне